Аляксандр Мярэжка

Аляксандр Мярэжка

Паводле высокапастаўленага парламентарыя, ёсць вялікія сумневы ў праўкраінскасці палітычных пазіцый Ціханоўскай і яе крытычнасці адносна Расіі.

«Пазіцыя Ціханоўскай у дачыненні да Расіі і Пуціна не з'яўляецца дастаткова выразнай. Яна нібы баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, дакладна сказаць, што Расія з'яўляецца дзяржавай-тэрарыстам, агрэсарам і ворагам беларускага народа. Акрамя таго, у яе асяроддзі ёсць крыху сумнеўныя людзі. Яна таксама рабіла заявы, звязаныя з Украінай, якія выклікалі неразуменне ва Украіне», — сказаў Мярэжка. 

Дэпутат дадаў, што такім легітымным беларускім органам, з якім Кіеў мог бы весці дыялог, мог бы стаць полк імя Каліноўскага ў складзе УСУ. Па словах Мярэжкі, полк сваімі дзеяннямі на фронце даказаў, што мае праўкраінскую пазіцыю і аўтарытэт сярод беларускай апазіцыі.

На жаль, канкрэтных прыкладаў ні заяў Ціханоўскай, ці «сумнеўных» людзей у яе атачэнні Аляксандр Мярэжка не прывёў. Але закід у невыразнасці пазіцыі Ціханоўскай адносна стаўлення да вайны ва Украіне выклікае ў тых, хто за яе дзейнасцю сачыў, мякка кажучы, здзіўленне.

Бо, напрыклад, ужо 24 лютага, адразу ж пасля нападу Расіі на Украіну Ціханоўская выступіла з дзвюма заявамі з гэтай нагоды, у якіх абсалютна выразна акрэсліла свой бок у гэтай вайне: 

«Сёння зранку Расія напала на Украіну, парушаючы фундаментальныя прынцыпы міжнароднага права. У гэтым вераломным акце агрэсіі была задзейнічаная беларуская тэрыторыя і Узброеныя сілы Беларусі.

Лукашэнка і яго рэжым цалкам падзяляюць з прэзідэнтам Расіі адказнасць за гэтую вайну.

Нелегітымны кіраўнік Беларусі ўвёў замежныя войскі і зрабіў нашую краіну непасрэдным удзельнікам канфлікту. Гэта дзяржаўная здрада і здрада інтарэсам нашага народа і беларускай дзяржавы».

«Гэта больш не ўнутраны палітычны крызіс. Гэта вайна, ў якой Беларусь апынулася ўдзельніцай, хаця мы ўсе былі супраць. Цяпер бараніць трэба не толькі палітзняволенных ці новыя выбары. Бараніць трэба самое існаванне нашай краіны, яе незалежнасць і суверэнітэт. Свабода і адказнасць заўсёды ідуць побач. І надышоў час кожнаму узяць адказнасць за сваю краіну. Ствараць нацыянальны антываенны рух і рыхтавацца адстойваць свой суверэнітэт. 

Родныя беларусы, я б хацела мець магчымасць паглядзець у вочы кожнага з вас і сказаць, што мы разам і што мы будзем дзяліцца з вамі ўсімі навінамі і трымаць у курсе падзей.

Дарагія украінцы, ад імя нашай краіны я выказваю вам салідарнасць і падтрымку, а ад імя беларусаў хачу сказаць: нам сорамна за тое, якую ролю тэрыторыя нашай краіны грае ў гэтай вайне. І мы гатовы рабіць усё, што спатрэбіцца, каб спыніць агрэссараў і гэтую катастрофу.

Жыве Беларусь. І Слава Україні».

Што прымушае ўкраінскіх дзяржаўных мужоў ігнараваць гэтыя і іншыя падобныя заявы, якіх за апошнія амаль 8 месяцаў набралася дзясяткі, можна толькі здагадвацца.

Клас
36
Панылы сорам
92
Ха-ха
17
Ого
11
Сумна
6
Абуральна
94