З нагоды апошняга інтэрв'ю гісторыка Алега Латышонка піша філосаф Аляксей Дзермант.

 Фота westki.info

Фота westki.info

З апошняга інтэрв'ю Латышонка:

— Які міф, на вашу думку, найвялікшы ў гісторыі Беларусі?

— Відаць, літвінскі. Ён вельмі распаўсюджаны, і ягоныя прыхільнікі зацята адмаўляюць любую іншую традыцыю. Сапраўдныя міфы адпавядаюць вельмі глыбіннай праўдзе, але ў гэтым выпадку літвінскі міф — фальшывы і шкодны для беларускасці. Паўтаруся, мы — беларусы, не літвіны і не літоўцы. Мы маем сваю традыцыю, якая старэйшая за ВКЛ, за Літву. Як нацыя мы сфармаваліся ўжо пасля знікнення ВКЛ, таму ўсе, хто адрынае ўласна беларускую традыцыю, шкодзяць агульнай справе.

Мяркуючы паводле тэкстаў прыхільнікаў выключна рускай генеалогіі беларускай нацыянальнай ідэі, менавіта яны зацята адмаўляюць любую іншую традыцыю, а канкрэтна, традыцыю літоўскую, хаця больш справядлівым было б прызнасць, што беларускасць у яе незалежніцкім вымярэнні сфарміравалася як літоўска‑рускі сімвалічны сімбіёз. І ўжо кожны тутэйшы чалавек праз уласнае рэгіянальнае паходжанне, веравызнанне, культурныя, эстэтычныя і ідэалагічныя прыхільнасці знаходзіць у ім найбольш адпаведнае для сябе. А спробы змусіць палюбіць усё агулам, у тым ліку нешта далёкае, у свойскасці якога ёсць сур’ёзныя паставы сумнявацца, мы б назвалі не лаяльнасцю да пэўнай версіі нацыянальнай генеалогіі дзеля ўяўнага адзінства, а інтэлектуальным бальшавізмам. Працяглае існаванне сярод беларусаў «літоўскага міфа», рост цікавасці да яго, як і колькасці прыхільнікаў — найлепшае сведчанне яго адпаведнасці «глыбіннай праўдзе». А вось што рэальна шкодзіць нацыянальнай ідэі, дык гэта недальнабачнае змаганне з ім.

І яшчэ цікавае меркаванне: «Канкрэтна гэтай кнігі не бачыў, але сітуацыя знаёмая (Латышонка таго ж туды таксама хіліць). Апошнім часам раздражняе страшна: па сутнасці настырна робіцца новы/рэстаўрацыйны русінскі нацпраект — поўны аналаг тых жа палона‑літвінаў — які пры тым хочуць махам уцюхаць ужо існуючай і досыць шматлікай супольнасці (беларусам) пад соўсам таго, што гэта як бы яны і ёсць. Ніяк не зразумею, наіўнасць ці мухлёж».

Тут яўна праступае і актуальны ідэалагічны прагматызм — маўляў, не ўдалося ўцюхаць беларусам літвінізм а‑ля БНФ, паспрабуем з іншага боку. Можа і цяперашняй уладзе больш прыдасца. Таксама бачна, што некаторыя ўладальнікі беларускіх СМІ (НН, Архэ) бачаць у гэтым пэўнае выйсце і раскручваюць «русінства». Да таго ж амаль усе русінскія гісторыкі, ідэолагі сапраўды праваслаўнага веравызнання і каталіцызм, балтызм, палоналітвінізм — глыбока чужая для іх з’ява. Што называецца «душенька понимает, но не принимает».

Тое, што адбываецца «русінскі рэнесанс» асабіста мяне не здзіўляе і не надта абурае, бо і час вельмі зручны, і гісторыя ўсё ж мае сферычны характар, дзіўна, што літоўшчына ў нас дагэтуль не памерла. Чым скончыцца чарговая русінская спроба рэваншу? Па‑мойму, найлепшым чынам адказаў на гэта Валер Булгакаў: «Хуткасьць асыміляцыйных працэсаў у Беларусі не растлумачыць адно агрэсіўнасьцю каляніяльных наратываў — у вялікай ступені яны былі вынікам абумоўленай культурнымі і гістарычным чыньнікамі гатовасьцю рускай эліты ВКЛ да калябарацыі з расейскім імпэрскім урадам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?