Ноччу 14 кастрычніка ў Рэспубліканскім навукова‑практычным цэнтры «Кардыялогія» прайшла аперацыя па перасадцы сэрца мінчаніну Міхаілу Ларыну, паведамілі у прэс‑службе Міністэрства аховы здароўя.

24‑гадоваму Ларыну ў дваццацігадовым узросце быў пастаўлены дыягназ «дылітацыйная кардыяміяпатыя». Гэтае захворванне звязана з паражэннем сардэчнай мышцы, пры якім сэрца губляе здольнасць забяспечваць кровазварот у арганізме. Міхаіл перанёс аперацыю, але яна не ўвянчалася поспехам. Малады чалавек быў падключаны да апарату штучнага сэрца. У студзені 2008 года Ларыну ўпершыню ў Беларусі былі імплантаваныя штучныя жалудачкі сэрца.

Па ініцыятыве беларускага музычнага гурту «J:морс» у чэрвені мінулага года ў Беларусі стартавала дабрачынная акцыя «Сэрца жыве» для збору сродкаў на правядзенне за мяжой аперацыі па перасадцы сэрца Ларыну. На спецыяльна створаным сайце вядомыя беларускія музыканты выкладвалі свае эксклюзіўныя запісы.

Падчас акцыі лідэр гурту «J:морс» Уладзімір Пугач выставіў на продаж сваю акустычную гітару, набытую супрацоўнікамі адной са сталічных кампаній за 1.960 даляраў. Да акцыі таксама далучыліся гульцы футбольнага клуба БАТЭ і выставілі на інтэрнет‑аўкцыён футболку з аўтографамі гульцоў барысаўскай каманды.

Першая аперацыя па перасадцы сэрца ў Беларусі прайшла сёлета ў лютым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?