У беларускіх традыцыях — паставіць на стол дзясятак розных страваў. Але як выжыць, з’еўшы толькі па кавалачку розных прысмакаў, а пасля яшчэ і кавалак торта наверх?
Перад застоллем мы не ямо дома і эканомім месца ў страўніку. Гэта няправільна: галодны намагаецца пакласці сабе ў талерку болей, чым можа здужаць, і праглынае ўсё імгненна. Аднак мозг атрымлівае сігнал пра сытасць толькі праз 20 хвілін пасля таго, як арганізм насычаны. Адсюль і пераяданне.
Лёгкі перакус перад гасцямі прытупляе пачуццё голаду, а вашы смакавыя рэцэптары становяцца больш успрымальныя да нюансаў гастранамічных шэдэўраў.
Ідучы ў госці галодныя, мы самі сябе пазбаўляем задавальнення ад прысмакаў.
Тым, хто схільны да частых разладаў кішэчніка, можна за паўтары‑дзве гадзіны да гасцей выпіць гарбаты з мятай, мелісай, сардэчнікам, валяр’янай.
Падумайце пра спалучальнасць прадуктаў і напояў. Напрыклад, мяса і рыбу адначасова ўжываць непажадана. Дый да рыбы пасуе белае віно, а да мяса чырвонае. А калі змяшаць чырвонае і белае, страўнік не парадуецца. А вось шампанскае пасуе да дэсерту. Толькі меру ведайце.
Салёная і марынаваная гародніна — найлепшы гарнір да мяса і рыбы. Аднак памятайце: трапіўшы ў страўнік з марозівам ці крэмам, агурочкі ды памідорчыкі могуць ускладніць паслязастольнае жыццё.
А кожная дадатковая шклянка вадкасці разбаўляе страўнікавы сок і расцягвае без таго раздзьмуты страўнік.
Кавалачак лімона, буйны крышталік солі ці кубік лёду пераб’юць смагу.





