Юрый Казак.

Юрый Казак.

Зала суда ў часе перапынку.

Зала суда ў часе перапынку.

Адвакат Павал Сапелка.

Адвакат Павал Сапелка.

Дзяржаўны абвінаваўца.

Дзяржаўны абвінаваўца.

У Наваградку 29 снежня пачаўся суд над 25‑гадовым актывістам БХД, індывідуальным прадпрымальнікам Юрыем Казаком, якому ў віну ставяцца «наўмысныя дзеянні, адзначаныя асаблівым цынізмам, якія парушылі грамадскі парадак» (ч.1 арт. 339 КК РБ), што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў хіміі, або штрафу.

Маладога чалавека вінавацяць у тым, што ён у ноч на 7 лістапада (03.25) абліў зялёнай фарбай бюст Леніну.

Бюст быў усталяваны ў Навагрудку ў 1998 г. замест ранейшага помніка таму самаму Леніну. Помнік разваліўся падчас рэканструкцыі плошчы.

Судовае паседжанне пачалося з допыту сведак. Гэта пераважна міліцыянеры. Затрымлівалі Юрыя Казака праваахоўнікі ў цывільным. Яны ў тую ноч пільнавалі на плошчы злодзеяў, што крадуць магнітолы з машын.

Сам Юры Казак заявіў, што не збіраўся знішчаць бюст, бо ў такім бы выпадку «узяў бы нешта больш цяжкое».

Свой учынак актывіст БХД кваліфікаваў як пратэст з рэлігійных перакананняў супраць ідапаклонства і ўзвядзення помнікаў чалавеку, які запачаткаваў палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

На судзе (адвакат — Павел Сапелка, суддзя — Валер Цынкевіч) прысутнічае больш за 30 чалавек, большасць прыехала з Мінска.

Сярод прысутных тры сустаршыні БХД — Павел Севярынец, Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі, лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык.

Абарона запрасіла на суд гісторыка, выкладчыка ЕГУ Юрыя Бачышчу. Ён гаворыць пра антычалавечую сутнасць палітыка Леніна. Выкрыццё злачынстваў бальшавізму надае суду грамадскую значнасць. Гэта не проста разгляд шараговага хуліганскага выпадку. У Навагрудку ўздымаецца праблема стаўлення да савецкай спадчыны ў Беларусі.

Прысутнічала на судзе і цяжарная жонка Юрыя Казака.

Пасля перапынку былі вывучаныя матэрыялы справы, але паколькі не было магчымасці прадставіць рэчавыя доказы, суддзя пастанавіў працягнуць працэс у сераду.

Адновіцца суд а 14-й гадзіне 30 снежня, прычым пачнецца ён са спрэчак бакоў.

Журналісты мяркуюць, што прысуд будзе абвешчаны ў чацвер, 31 снежня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?