Цяпер спектакль называецца «Translations» («Пераклады»). І аўтар не Янка Купала, а ірландскі драматург Брайан Фрыл. У астатнім сэнс той жа.

Як памятаем, ідэя «Тутэйшых» была ў тым, што жывуць тут сабе тубыльцы-беларусы, да якіх па чарзе прыходзяць захопнікі-то немцы, то палякі, то расейцы. І кожны лезе ў наш манастыр са сваім статутам, кожны навязвае свае правілы, мову і парадкі. І знаходзяцца між тубыльцаў-беларусаўашавуркі-падсцілкі кшталту Мікіты Зносака, які лёгка згаджаецца быць Нікіцеім Зносіловым. …

У «Translations» у вас не аднойчы будзе ўзнікаць дэжа-вю да геніяльнай п’есы Купалы. Толькі ў ролі беларусаў тут ірландцы са сваёй «птушынай мовай», а ў ролі захопнікаў — ангельскія каланісты, якія не могуць вымавіць назвы мясцовых рэк і вёсак, і таму перайначваюць іх на свой капыл.

Сярод мясцовых знаходзіцца хлопец Оўэн, які пажыў у Дубліне і «акультурыўся», вывучыў англійскую. І за трыццаць срэбранікаў (а дакладней, усяго 2 шылінгі за дзень) робіцца перакладчыкам і памочнікам ангельскіх жаўнераў, якія, здаецца, усяго толькі складаюць мапу мясцовасці. Але на справе гэтая мапа знішчае старадаўнія ірландскія назвы, знішчае мову і памяць мясцовага насельніцтва. Самога ж Оўэна ангельцы называюць Роландам. Ім так прасцей. А Роланд-Оўэн асабліва не супраць — абы б плацілі, хоць чыгунком называйце.

І тут, на фоне нацыяналістычнай трагедыі ўзнікае амур-тужур: мясцовая дзяўчына закахалася ў жаўнера Джона. І той жаўнер нават, апантаны каханнем, збіраецца вывучыць ірландскую мову. Бо яны ні чарта адно аднаго не разумеюць. Аднак, як можна здагадацца, маладым хлопцу і дзяўчыне моўныя перашкоды актуальныя да часу, пакуль яны не застаюцца сам-насам.

Карацей, нехта з мясцовых, выглядае, грохнуў таго Джона: няма чаго, маўляў, нашых дзевак псаваць. І тут ангельскія жаўнеры выяўляюцца не проста складальнікамі мапы. Начальнік кажа: «Калі цягам сутак вы не дапаможаце мне адшукаць Джона, мы пачнем страляць ваша быдла, калі не знойдзем праз двое сутак — руйнаваць вашыя хаты».

І тыя ірландцы, зусім як партызаны-беларусы, думаюць сабе: скулля табе, а не нашыя хаты — спачатку хаваюць у лесе кароваў-коней, а пасля падпальваюць намётавы лагер ангельцаў.

Рэжысёр спектакля, мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін узмацніў паралелі. Карэннае насельніцтва размаўляе па-беларуску (гэта — «ірландская» мова), а захопнікі — па-расейску (гэта — «ангельская»).

Трэцяя мова спектаклю — каларытная трасянка, на якой гавораць многія беларусы, мяркуючы, што размаўляюць на «великом и могучем», стараючыся дагадзіць новым «гаспадарам».

Калі не ведаць гісторыі — што спектакль апавядае пра рэальныя падзеі ў Ірландыі — можна было б падумаць, што Браян Фрыл напісаў сваю п’есу, пабываўшы ў Беларусі.
Аднак вам вырашаць — ці настолькі ўжо выпадковыя супадзенні і паралелі. Ці мне проста падалося.

Прэм’ера «Translations» адбылася 23 снежня,

наступныя паказы – 29 снежня, 13, 14, 31 студзеня.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?