пасля тваіх званкоў мяняецца надвор’е
капеж звініць альбо кладзецца снег
залеву або знічку неба дорыць
і воўк лапландскі паскарае бег

пасля тваіх званкоў каты пяюць на дахах
самнамбулы іх кормяць з цёплых рук
і сэрцы пачынаюць гулка тахкаць
у вожыкаў з-пад Прагі і Прылук

пасля тваіх званкоў спыняюцца таксоўкі
трамвай ідзе з дэпо якраз туды
дзе прадстаўнік азёрнай школы Колрыдж
нам налівае вогненнай вады

пасля тваіх званкоў вяртаецца надзея
і суіцыду нехта кажа бай
растуць валютаў курсы а зладзейкі
замест кішэняў лезуць на tut.by

мой Божа! Мы сусвет народзім новы
ў сваіх абдымках... Ты – багаславі!
мы вынайдзем для закаханых мову
са смеху стогнаў слёзаў і любві

мы ўлежнымі пабудзем з гэтай поўняй
але пад коўдрай хопіць і турбот
каб закахана-беларускі слоўнік
у друк аддаць пад самы Новы год.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна