Ізраільскі сухапутны робат

Ізраільскі сухапутны робат

Метады вядзення вайны змяняюцца. Сёння ўсё большае месца сярод іх займаюць тэхналогіі, у каторых задзейнічаныя робаты, а не людзі.

Адна з краін, якая ўкладае вялікія сродкі ва ўдасканаленне сваёй арміі – гэта Ізраіль. Сёння гэтая краіна распрацоўвае баявыя машыны, якія будуць выкарыстоўвацца ў будучых войнах. Ізраіль на працягу амаль 60 год прымае ўдзел ва ўзброеным канфлікце. Гэтая акалічасць вымусіла краіну стаць адной з вядучых у галіне вайсковых тэхналогій і вытворчасці самых разнастайных відаў зброі. Зараз дайшла чарга і да распрацоўкі высокатэхналагічнай беспілотнай тэхнікі – чоўнаў, наземных транспартных сродкаў і лятальных апаратаў.

На сёння арміі больш чым 40 краін у рознай ступені выкарыстоўваўць робатаў. Нават «Хэзбалла» выкарыстоўвала іх у аперацыях супраць арміі Ізраіля. Плануецца, што праз 10-15 гадоў ізраільская вайсковая тэхніка будзе на траціну складацца з беспілотных апаратаў.

«Мы ўступаем у эру робатаў. Гэта дазволіць нам удзельнічаць ва ўсё большай колькасці місій і не падвяргаць пры гэтым небяспецы жыцці нашых жаўнераў» – адзначае ізраільскі ваенны чыноўнік Гіора Кац, віцэ-прэзідэнт аб’яднання «Абарончая тэхніка».

У 2003 г. амерыканская армія ў Іраку мела толькі некалькі беспілотнх апаратаў. Сёння іх колькасць падбіраецца да 20 тысяч. Іх выкарыстоўваюць для разведкі, авіяўдараў і абясшкоджвання выбуховых прыладаў. У 2009 годзе ВПС ЗША падрыхтавалі больш аператараў беспілотнікаў, чым лётчыкаў знішчальнікаў і бамбардзіроўшчыкаў.

Супернікамі Ізраіля ў распрацоўцы робатаў вайсковага прызначэння з’яўляюцца ЗША і Японія, аднак арміі гэтых краін не маюць такой вострай патрэбы ў робатах, як Ізраіль. Важнай асаблівасцю ізраільскай тэхнікі з’яўляецца лёгкасць у кіраванні. Жаўнер можа авалодаць патрэбнымі навыкамі ўсяго за некалькі месяцаў, у той час як падрыхтоўка аператара амерыканскага беспілотніка займае некалькі гадоў.

Вайсковых робатаў у Ізраілі ўжо пачалі прадаваць за мяжу. У прыватнасці, Сінгапур плануе набыць некалькі робатаў-чаўноў.

Тэхніка з дыстанцыйным кіраваннем асабліва прадуктыўная ў лакальных канфліктах і так званых асіметрычных войнах, у якіх супраць ЗША выступаюць асобныя групоўкі баевікоў. З дапамогай робатаў можна звесці да мінімума страты сярод асабовага складу.

З іншага боку, вайсковыя аналітыкі сцвярджаюць, што выкарыстанне робатаў і зніжэнне колькасці ахвяр сярод жаўнераў можа развязаць рукі арміі ЗША альбо Ізраіля. У такім выпадку разнастайныя антытэрарыстычныя аперацыі будуць адбывацца значна часцей.

Пачынаюць гучаць і галасы тых, каму мроіцца небяспека вайны людзей з робатамі, апісанай у знакамітым «Тэрмінатары». Сучасныя вайсковыя робаты ўжо могуць узаемадзейнічаць паміж сабой без удзелу чалавека. Хто ведае, колькі ім засталося да поўнай самастойнасці…

АП, паводле The Wall Street Journal

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0