Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што ў мінулым годзе бакі змаглі актывізаваць работу па шэрагу традыцыйных напрамкаў супрацоўніцтва, а таксама закласці аснову для прынцыпова новых. Адзін з пазітыўных прыкладаў — праект па будаўніцтву горна‑абагачальнага комплексу па выпуску калійных угнаенняў у Туркменістане. «Гэта знакавы этап у нашых адносінах, які, я ўпэўнены, падштурхне двухбаковае супрацоўніцтва ва ўсіх сумежных галінах».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі і Туркменістана ёсць неабходныя ўмовы для збалансаванага і доўгатэрміновага нарошчвання аб’ёмаў двухбаковага гандлю, наладжвання вытворчых і кааперацыйных сувязей. Станоўчы досвед такога супрацоўніцтва ў дзвюх краін ужо ёсць. Мінскім трактарным заводам выкананы кантракт на пастаўку 1500 трактароў.

Добра зарэкамендавалі сябе ў Туркменістане не толькі шырока вядомыя трактары «Беларус», але і беларускія грузавыя аўтамабілі, дарожная тэхніка. На выпрабаваннях па заяўках туркменскіх міністэрстваў і ведамстваў знаходзіцца шэраг новых узораў. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова прапанаваць новыя схемы рэалізацыі складанай машынабудаўнічай прадукцыі ў Туркменістане.

Не менш важным элементам дыялога з’яўляецца таксама сумесная работа ў сферы навукі і тэхналогій. Беларускія вучоныя папярэдне прапрацавалі ўжо шэраг напрамкаў для сумеснай рэалізацыі. Беларускі лідэр лічыць, што непасрэдна ў кантракты на пастаўку беларускай тэхнікі могуць быць уключаны палажэнні аб навучанні туркменскіх спецыялістаў. Прыкладам можа служыць праект па навучанню 120 студэнтаў з Туркменістана ў беларускіх профільных ВНУ для наступнай работы на комплексе па вытворчасці калійных угнаенняў. Прэзідэнты дамовіліся, што ў будучым годзе колькасць туркменскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ, будзе павялічана на столькі, на колькі пажадае туркменскі бок.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што большы дынамізм неабходна надаць працэсу развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў. Туркменскі бок прапанаваў у чэрвені 2010 года ў Мінску і Віцебску правесці Дні культуры Туркменістана.

Прэзідэнт Беларусі запэўніў туркменскага калегу, што Беларусь гатова дзяліцца сучаснымі тэхналогіямі і вопытам для яшчэ больш паспяховай рэалізацыі планаў развіцця эканомікі Туркменістана. Ён выказаў упэўненасць, што дасягнутыя сёння дамоўленасці не толькі ўмацуюць базу двухбаковага супрацоўніцтва, але і дадуць магчымасць стварыць спрыяльную атмасферу для далейшага пашырэння і паглыблення ўзаемаадносін. «Шчыра рады, што маю магчымасць чарговы раз пераканацца ў імкненні туркменскага кіраўніцтва вывесці наша ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень. Гэта поўнасцю адпавядае і нашым намерам», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

У студзені‑лістападзе 2009 года тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам склаў амаль $68 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года на 48 працэнтаў. Экспарт узрос на 51,5 працэнта да $66,5 млн.‑

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?