Беларусь і Расія падпісалі дакументы аб пастаўках нафты. Перамовы двух віцэ-прэм’ераў — Уладзіміра Сямашкі з боку Беларусі і Ігара Сечына з боку Расіі — скончаныя.

Аб’ём бязмытных паставак для Беларусі складзе 6,3 мільёна тон штогод.
Астатнюю частку паставак краіна атрымае па рынкавых цэнах, выплачваючы 100% мыта. Праўда, Сямашка выбіў яшчэ адну зніжку. Нафта, якая будзе пастаўленая на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, а пасля экспартаваная назад у Расію ў выглядзе нафтапрадуктаў, таксама не будзе абкладацца мытам.

Тарыф на транзіт расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі павялічаны зусім нязначна, усяго на 11%.

Калі такі тарыф прытрымаецца да канца году, Расія будзе вымушана даплаціць усяго каля $35 мільёнаў.
Але ўжо ў кастрычніку наша краіна атрымае магчымасць павялічыць тарыф яшчэ раз.

Беларусь будзе вымушана абнуліць экспартнае мыта на нафтапрадукты. Раней яно была роўнае расійскаму экспартнаму мыту.

Беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ўпэўнены, што дамоўленасці пра пастаўкі нафты пратрымаюцца нядоўга. «Ужо ў сярэдзіне года пры стварэнні супольнай мытнай тэрыторыі мыты і квоты акажуцца нонсенсам», — растлумачыў ён. На яго думку, гэта павінна разумець і Расія.

Стала зразумела, што хавалася за ранейшай прапановай Сямашкі. Віцэ-прэм’ер Беларусі хацеў спачатку атрымаць увесь памер бязмытнай нафты (яе хапіла б да траўня). Такім чынам, Беларусь карысталася б бясплатнай нафтай паўгоду згодна з дамоўленасцю, а пасля бясплатныя ўмовы былі зацверджаныя правіламі супольнай мытнай прасторы. Аднак многія эксперты мяркуюць, што гэтыя спадзяванні Мінску ілюзорныя, і Расія не адмовіцца ад прыбыткаў.

Сямашка таксама паведаміў, што

віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Сечын на наступным тыдні наведае Беларусь для абмеркавання развіцця супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы.

З ягоных словаў, бакі заключаць пагадненні аб «доўгатэрміновым супрацоўніцтве ў газавай сферы, электраэнергетыцы, аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі».

Расія дабіваецца поўнага і стратэгічнага кантролю над энэргетыкай Беларусі. Заключаныя ў Маскве пагадненні яшчэ мацней прывязваюць Беларусь да расійскіх крыніцаў энэрганосьбітаў.
У прыватнасці, на гэта скіравана дамоўленасць, што нафта, якая будзе пастаўленая на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, а пасля экспартаваная назад у Расію ў выглядзе нафтапрадуктаў, таксама не будзе абкладацца мытам. Такім чынам скароціцца беларускі экспарт у ЕС і вырасце — на ўсход.

У выпадку пабудовы АЭС Расіяй залежнасць стане татальнай і ў электраэнэргетыцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?