Расійскі аналітык Андрэй Суздальцаў любіць выстаўляцца тым, як велікадушна Расія дапамагае Беларусі, і многія беларускія парталы захоплена зазіраюць яму ў рот. Ягоныя словы ўгрунтаваныя на вялікай традыцыі.
Расійскі гістарычны, культурны і палітычны наратыў на тым стаіць: Расія была імперыяй, але высакароднай. У адрозненне ад усіх іншых імперый, яна захоплівала землі не для эксплуатацыі, а для асветы і дапамогі.

На адной з канферэнцый Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Суздальцава бліскуча асадзіла прафесарка Гарвардскага ўніверсітэта Маргарыта Бальмасэда. «Расія субсідуе Беларусь!» — прыгаворваў выдалены з Беларусі палітолаг. «Расія ўкладае любыя грошы, каб толькі застацца манапольным пастаўшчыком энэрганосьбітаў Беларусі, што дазволіць у будучыні атрымліваць неабмежаваныя дывідэнды, адказала яму Бальмасэда.

Нафта ў абмен на пацалункі. Але па паняціях жаніха, раз ты цалавалася, мусіш з ім лажыцца.

Сечынская саступка — нафта, якая будзе пастаўленая на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, а пасля экспартаваная назад у Расію ў выглядзе нафтапрадуктаў, таксама не будзе абкладацца мытам — з разраду данайскіх дароў. Такім чынам скароціцца беларускі экспарт у ЕС і вырасце — на ўсход.

Лукашэнка смелы, калі ваюе са студэнтамі на вуліцах і пенсіянеркамі з Саюзу палякаў. Але Маскве ён 15 гадоў робіць саступку за саступкай. Прадаў мову, прадаў сцяг, прадаў войска. І на 16-м годзе ягонага пышнага кіравання энэргазалежнасць Беларусі ад Расіі паўзе да 95%. Браво, бясстрашны лідэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?