Міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў на прэс‑канферэнцыі 28 студзеня прызнаўся, што быў дапытаны ў Вярхоўным судзе па так званай «паляўнічай справе».

Гэтая крымінальная справа была заведзеная на групу міліцыянтаў з Гомельскай вобласці. У ёй фігуруюць былыя начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў, начальнік УБКіЭЗ УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Малаеў, начальнік УБКіЭЗ СН УУС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Баранаў і начальнік АБКіЭЗ Жлобінскага РАУС Леанід Мінянкоў.

Усе яны абвінавачваюцца ў перавышэнні ўлады (арт. 426 КК). Таксама размова ідзе пра незаконнае паляванне на рысь, якая занесеная ў Чырвоную кнігу.

Дзякуючы сваякам арыштаваных, крымінальная справа атрымала вялікі розгалас. Яны лічаць, што такім чынам супрацоўнікі КДБ зводзяць рахункі з прадстаўнікамі МУС. Гэтую справу ўжо ахрысцілі чарговым актам супрацьстаяння паміж міліцыяй і чэкістамі.

Тым не менш, Анатоль Куляшоў кажа, што ніякага супрацьстаяння паміж гэтымі ведамствамі «не было, няма і не павінна быць».

«КДБ забяспечвае контрвыведную працу МУС. Як бы яна магла адбывацца, калі б існавала гэтае супрацьстаянне. Ніякіх дадзеных, што гэтая крымінальная справа была заведзеная незаконна, няма. Усё адбываецца ў рамках заканадаўства. Вярхоўны суд павінен вынесці справядлівае рашэнне», — сказаў А.Куляшоў.

Пракаментаваў міністр і нядаўнія скандальныя выказванні былога капітана МУС Вячаслава Дудкіна.

«Дудкіна ніхто не шукае. У пошукавых базах яго няма. Хай каментары, што ён раздае, застануцца на ягоным сумленні», — сказаў міністр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?