Пракуратура Тайланда адклала да 11 лютага рашэнне пра лёс пяцёх членаў экіпажу самалёта Іл‑76, які перавозіў зброю.

Раней газета Bangkok Post паведаміла са спасылкай на сваю крыніцу, што справа можа быць закрытая, а лётчыкі - чацвёра грамадзян Казахстана і 54-гадовы беларус Міхаіл Петухоў - будуць ужо сёння вызваленыя.

***

Самалёт Іл‑76 грузінскай рэгістрацыі быў затрыманы тайландскімі ўладамі 11 снежня 2009 года пасля таго, як у ходзе надгляду падчас прамежкавай пасадкі паветранага судна для дазапраўкі былі выяўлены ўпакаваныя ў скрыні з грамадзянскай маркіроўкай гранатамёты, партатыўныя зенітна‑ракетныя комплексы і іншая зброя, загружаная ў самалёт у Паўночнай Карэі. Надгляд самалёта праводзіўся на падставе рэзалюцыі № 1874 Савета бяспекі ААН, якая прадпісвае надглядаць грузы з Паўночнай Карэі на прадмет парушэння санкцый ААН супраць гэтай краіны (Паўночнай Карэі забаронена гандляваць зброяй).

Членам экіпажа — чатыром грамадзянам Казахстана і грамадзяніну Беларусі — былі выстаўлены абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі і паведамленні заведама непраўдзівай інфармацыі аб характары грузу ўладам Тайланда. Паводле тайскіх законаў, лётчыкам пагражала сур’ёзнае пакаранне аж да смяротнай кары. Экіпаж цалкам адмаўляе сваю віну. Лётчыкі сцвярджаюць, што не ведалі пра знаходжанне на борце зброі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0