Геній-мізантроп, зачараваны самотнік, аўтар геніяльнага рамана «Лавец у жыце» — такім застанецца ў памяці Джэром Дэвід Сэлінджэр. Піша Павал Касцюкевіч.
З усёй пазнейшай сваёй спадчыны Сэлінджэр дазволіў публікаваць толькі адно апавяданне, «Акіян, поўны шароў боўлінга». І то — праз пяцьдзесят гадоў пасля смерці. Хоць, калі верыць дачцэ пісьменніка, у бацькавым сейфе ляжаць рукапісы двух новых раманаў. Як галоўны герой «Лаўца ў жыце» Голдэн Колфілд, яго стваральнік любіў пускаць едкі цыгарэтны дым у твар грамадству.
У Злучаных Штатах, што засталіся наўзбоч еўрапейскіх катаклізмаў ХХ стагоддзя, бунт кожнага новага пакалення меў свайго ідэолага-пісьменніка. «Гронкі гневу» — «Лавец у жыце» — «Зязюльчына гняздо» —«Байцоўскі клуб». Стэйнбек—Сэлінджэр—Кізі—Паланік.
Ужо ў першых няспелых апавяданнях Сэлінджэра ёсць тое, за што яго любілі: дакладна-пякучае апісанне свету падлеткаў. Сэлінджэр верыў у маральнае вяршэнства маладых над няшчырай сталасцю. І, вядома, дыялогі: бліскучыя вострыя і пра самае галоўнае.
У 1941 годзе Сэлінджэр прадаў часопісу «Нью-Ёркер» першае апавяданне, якое стане пасля сэрцам раману «Лавец у жыце». Але часопіс не спяшаўся яго друкаваць: аўтар паказваў простую сувязь між духоўных развіццём падлетка і прагульваннем школы... У іншай палове зямной кулі варочалася Другая сусветная. Сэлінджэр ідзе ў войска, удзельнічае ў высадцы амерыканскага дэсанта ў Нармандыі. Страляць давялося нямнога. Ён працуе з ваеннапалоннымі, вязнямі канцлагераў, дапытвае нацыстаў. Вайна выпетрыла яго душу, «змардаванасць боем» прывяла ў вайсковы шпіталь са зрывам псіхікі.
Так і Сімур Глас, герой апублікаванага ў 1948 годзе апавядання «Добра ловіцца рыбка-бананка» не можа забыць жахі ваеннага мінулага і ўрэшце забівае сябе. Гэты твор прынёс Сэлінджэру першую вядомасць.
А ў 1951-м, пабачыў свет «Лавец у жыце».
Раман спадабаўся падлеткам і крытыцы. Затое яго ненавідзелі настаўнікі і істэблішмент.
Большасць беларусаў прачыталі яго ў расійскім перакладзе «Над пропастью во ржі».
Хоць сёння едкія словы 17-гадовага Голдэна Колфілда пра фальшывасць свету дарослых уражваюць чытача ўжо не так, як у 1951-м.
Раман здабыў сусветную славу, а яго аўтар адмовіўся ад публічнасці. Ад 1965 г. ён перастаў друкавацца і наклаў забарону на перавыданне ранейшых твораў.
Сэлінджэр жыў у гарадку Корніш, адгарадзіўшыся ад свету сцяной. Ён займаўся медытацыяй і пісаў лісты на мяжы прыстойнасці маладым прыхільніцам свайго таленту.
Яго імя зноў прагрымела, калі ў 1981 годзе забойца Джона Ленана, Марк Чэпмэн, назваў «Лаўца ў жыце» сваёй крыніцай натхнення. І, чакаючы паліцыю, дэманстратыўна яго чытаў.
Імідж Сэлінджэра — самотніка, ахутанага таямніцай — разышоўся па швах пры канцы 80-х. Журналіст Іен Гамільтан надрукаваў яго біяграфію, поўную «смажаных» фактаў. Пісьменнік праз суд спрабаваў дабіцца забароны на друк. Пасля пабачылі свет успаміны маладой каханкі Сэлінджэра. Потым — мемуары яго дачкі Маргарэт... З усіх гэтых кніг паўстае вобраз скандальнай, канфліктнай перш за ўсё з сабою, натуры, чалавека, адчужанага нават ад родных.
Але любоў трох пакаленняў чытачоў суправаджае яго творы. Найвялікшай трагедыяй Сэлінджэра падаецца тое, што пасля «Лаўца» ў яго не засталося вяршыняў, на якія ўзыходзіць. Бо ўсе пераканаўчыя словы для маладых ускудлачаных бунтаўнікоў ён уклаў у тую кнігу.
* * *
Пісьменнік Джэром Дэвід Сэлінджэр (нар. 1.01.1919) памёр у ЗША на 91-м годзе жыцця.
Ягонаму пяру належыць раман «Лавец у жыце»(The Catcher in the Rye, расейскі варыянт — «Над пропастью во ржи»). Сваё першае апавяданне «Маладыя людзі» ён апублікаваў у 1940 г. А першую сур’ёзную вядомасць прынесла апавяданне «Добра ловіцца рыбка-бананка» (A Perfect Day for Bananafish, 1948).





