Нафтавая вайна зрабіла беларускага кіраўніка галоўным аб’ектам кпінаў на расійскім тэлебачанні. Піша Ягор Марціновіч.

Новы праект Першага канала — «Мультасобы» — нагадаў гледачам дэмакратычныя 1990‑я. Тады НТВ‑шныя «Лялькі» маглі на ўсю краіну смяяцца і з прэзідэнта, і з прэм’ер‑міністра, і з астатніх палітыкаў. З’яўляліся ў эфіры і пародыі на зорак шоу‑бізнэсу, але ўвага факусавалася на грамадскіх дзеячах — смешных, недасканалых. Асабістая крыўда Пуціна выклікала закрыццё перадачы ў 2002 годзе.

Сатыра ўваскрэсла праз сем гадоў на іншым тэлеканале. Праўда, цяпер дазволена смяяцца толькі з артыстаў і замежных палітыкаў. Кранаць сваіх — непажадана. Пуцін і Мядзведзеў з’явіліся ў «Мульце» толькі каб праспяваць бяскрыўдную навагоднюю песеньку і папярэдзіць Юшчанку, што «у вас огонь погас — это раз».

Жабракі Цімашэнка з Юшчанкам, бабнік Берлусконі і падабцаснік Сарказі — вось новыя героі расійскай сатыры. А з цягам разгортвання нафтавага канфлікту пад прыцэл трапіў і Лукашэнка. Яго вобраз — бесцырымонны, надакучлівы і дурнаваты палітык, які гаворыць на трасянцы.

Вось Лукашэнка ўпрошвае Мядзведзева пакатаць яго на прэзідэнцкім лімузіне. Вось спрабуе прадаць трактар Берлусконі і Хілары Клінтан, псуючы ім спатканне. Вось ён ідзе «даваць свінням».

Паводле сюжэта апошняй перадачы, у гульні «Хто хоча стаць мільянерам?» персанаж Лукашэнка падманам выйграе галоўны прыз. Яго фразы можна разбіраць на цытаты: «Давайце не 50 на 50, а 98 на 2! Я так прывык!» ці «Не трэба бацьку пужаць! Бацька пужаны! Бацька на трактары перакульваўся!»

Перадача выйшла падчас нафтавых перамоваў. А адразу пасля іх тую самую ідэю — Лукашэнка гуляе ў «Мільянера» — выкарысталі ў іншай гумарыстычнай перадачы таго ж канала, «Вялікай розніцы». Эпізод, дзе персанаж Лукашэнка несумленна выйграе тры мільёны расійскіх рублёў, у Беларусі не паказалі — выразала цэнзура.

Расійскі Першы канал прасуе Лукашэнку, нібыта хоча сказаць сваім гледачам: звярніце ўвагу, хто фактычна крадзе нашы, расійскія грошы.

…Нафтавая праблема, здаецца, вырашаная. Цікава, каго крэмлёўскія ідэолагі прызначаць наступнай «ахвярай» сатырычнага тэлебачання?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?