Пра гэта кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў заявіў венскаму выданню Der Standard па завяршэнні міжнароднай канферэнцыі ў Мюнхене па пытаннях бяспекі.

Ён дадаў, што Беларусь з’яўляецца надзейным партнёрам для Еўропы, аднак дазваляе сабе не быць пад ціскам Еўрасаюза.

Ён дадаў, што ягоная краіна — надзейны партнэр для Эўропы, аднак яна дазваляе сабе не паддавацца ціску ЭЗ. Беларускі міністар таксама адзначыў, што Беларусь імкнецца «да таго, каб у краіне больш паважалася чалавечая годнасць».

Гэтак ён пракамэнтаваў выступ свайго нямецкага калегі Гіда Вэстэрвэле на мюнхэнскай канфэрэнцыі. Нямецкі міністар заўважыў, што патрабаваньні ЭЗ да Ірану, каб той паважаў правы чалавека, — «ня ёсьць умяшаньне ва ўнутраныя справы гэтай дзяржавы». Мартынаў падкрэсьліў, што павага да правоў асобы тычыцца ўсіх краінаў, аднак пры гэтым трэба ўлічваць існаваньне «розных звычаяў, традыцыяў». Паводле кіраўніка беларускага МЗС, у ягонай краіне імкнуцца больш паважаць правы і свабоды асобы і, напэўна, таго ж хочуць і ў Іране.

На пытаньне аўстрыйскага выданьня, якія высновы Беларусь зрабіла са шматмесячнага нафтавага канфлікту са сваім найбліжэйшым партнэрам — Расеяй, міністар адказаў, што Беларусь «павінна прыкласьці яшчэ больш намаганьняў для ўзмацненьня энэргетычнай бясьпекі краіны». Размова ідзе пра ўласную АЭС, інвэстыцыі ў гідраэнэргетыку, вугальную энэргетыку, аднаўляльныя крыніцы энэргіі.

Міністар Мартынаў падкрэсьліў, што пэўныя высновы з канфлікту павінны зрабіць і тыя краіны, якія «знаходзяцца з другога боку трубаправоду»: «Рэспубліка Беларусь — вельмі надзейны транзытны партнэр. На працягу вельмі цяжкіх перамоваў мы ніколі не разглядалі нават магчымасьці таго, каб выкарыстоўваць трубаправоды дзеля сваёй карысьці. Гэта эўрапейцам трэба зразумець і прызнаць».

Standard: «Наколькі гатовыя вы пайсьці насустрач ЭЗ у палітычных рэформах, каб наблізіцца да агульнага рынку і скарыстаць перавагі палітыкі суседзтва?»

Мартынаў: «Мы не павінны блытаць рынкавыя і палітычныя рэформы. Гэта розныя рэчы. Мы гатовыя прысутнічаць на рынку ЭЗ, і я спадзяюся, што палітыка ня стане нам перашкодай. Аднак, што да пытаньня: мы знаходзімся ў стане дыялёгу з Эўразьвязам. І таму вы павінны разумець — сапраўдная палітычная сытуацыя ў Беларусі значна лепшая за тую, якая прадстаўлена ў мэдыях. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленьні ды інтэлектуальная інэртнасьць, якія ня маюць нічога агульнага зь беларускай рэальнасьцю. Кожны, хто прыяжджае ў Беларусь, як правіла, зьдзіўляецца таму, што ён тут бачыць і знаходзіць. Вядома, наша грамадзтва павінна разьвівацца, аднак мы робім гэта ня ў сувязі з патрабаваньнямі ЭЗ».

Standard: «ЭЗ працягнуў санкцыі супраць Беларусі (галоўным чынам гэта тычыцца паездак высокіх чыноўнікаў) і адначасна прыпыніў іх. Як вы на гэта гледзіце?»

Мартынаў: «Досыць дзіўная сытуацыя для абодвух бакоў. Па‑першае, ня мае сэнсу працягваць санкцыі і потым прыпыняць. Па‑другое, канчатковы вынік можа быць толькі адмоўны, бо гэта засмучае людзей у Беларусі. Гэта зусім не партнэрскія дачыненьні. 15 гадоў таму яшчэ можна было падарожнічаць бязь візаў паміж Беларусьсю, Польшчай і Літвой. Што мы маем сёньня? У Эўропе існуе новая сьцяна».

Standard: «Эўропа адзначыла 20‑годзьдзе падзеньня сьцяны… Беларусь, аднак, застаецца асаблівым выпадкам. Дзе вы бачыце вашу краіну праз 20 гадоў?»

Мартынаў: «Усе нашы чаканьні вызначае геаграфія. Рэспубліка Беларусь знаходзіцца паміж двума цэнтрамі ўплыву — Эўразьвязам і Расеяй. Выжыць побач з двума гігантамі — заўсёды выпрабаваньне. Мы, найперш, хацелі б выжыць, па‑другое — выжыць у росквіце, па‑трэцяе — у выдатных стасунках з абодвума бакамі. Мы не зьяўляемся кандыдатамі ў ЭЗ, мы ня будзем зьлівацца з Расеяй, мы будзем сувэрэннай дзяржавай паміж гігантамі і мы б хацелі быць важным вінцікам у такой вялізнай машыне, як эўрапейскі кантынэнт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?