Інфармацыйна‑аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выпусціў навукова‑папулярнае выданне «Беларускі шлях» пад рэдакцыяй Алега Праляскоўскага і Льва Крыштаповіча.

Як адзначыў доктар філасофскіх навук, прафесар Леў Крыштаповіч, аўтарскі калектыў лічыць, што адрасаванае шырокаму колу чытачоў выданне падштурхне навукова‑даследчую думку ў Беларусі, у нейкай ступені дасць магчымасць стымуляваць дыскусію па пытаннях эканомікі, палітыкі, нацыянальнай ідэі.

Аўтары ставілі перад сабой мэту — прааналізаваць гісторыю постсавецкай Беларусі, г. зн. шлях развіцця краіны з пачатку 90‑х гадоў да цяперашняга часу. «Ёсць шмат літаратуры, якая спрабуе разабрацца: у чым заключаецца феномен Беларусі. Але ў гэтай масе фактычна няма адзінага погляду на праблему, суцэльнага асэнсавання. Мы зыходзілі з таго, каб даць не храналагічную даведку перыяду, а пранікнуць у сэнс пераўтварэнняў, якія адбыліся за няпоўныя дваццаць гадоў», — сказаў Леў Крыштаповіч.

У выданні раскрываюцца найважнейшыя асаблівасці ўнутрыпалітычнага і міжнароднага развіцця Беларусі ў постсавецкі перыяд. Аналізуецца дыялектыка абвяшчэння незалежнасці, высвятляецца характар і дынаміка развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, разглядаюцца пытанні станаўлення грамадзянскай супольнасці і сацыяльнай кансалідацыі, асэнсоўваецца феномен нацыянальнай ідэі і асноўныя прынцыпы ідэалогіі беларускай дзяржавы, асвятляюцца знешнепалітычныя прыярытэты, выяўляецца спецыфіка фарміравання нацыянальных інтарэсаў і забеспячэння нацыянальнай бяспекі, раскрываецца роля сродкаў масавай інфармацыі, паказваецца неабходнасць дэбюракратызацыі органаў дзяржаўнага кіравання, захавання і развіцця нацыянальнай культуры беларускага народа. В рабоце аўтары не адыходзілі ад вострых пытанняў, а паказалі, што шлях развіцця краіны сфарміраваўся і ў сутыкненні інтарэсаў.

Як адзначыў Леў Крыштаповіч, у кнізе зроблена спроба паказаць метадалогію асэнсавання нацыянальнага развіцця. «Не трэба нікуды ісці: ні на Усход, ні на Захад, трэба ўладкоўваць жыццё на сваёй уласнай зямлі. Гэта значыць, што дзяржаўная палітыка павінна грунтавацца на нацыянальным інтарэсе», — лічыць філосаф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?