Міжнародныя рэзервавыя актывы Беларусі, разлічаныя паводле стандартаў МВФ, скараціліся ў студзені на $379 млн (6,7%). На 1 лютага яны склалі $5273 млн проці $5652 млн на пачатак года.
Такія звесткі апублікаваў Белстат.
Гэта высокі паказчык як для студзеня — месяца, калі эканамічная дзейнасць сцішаецца.
За 2009 год золатавалютныя рэзервы Беларусі пабольшалі на $2,5 млрд. Аднак гэта адбылося толькі дзякуючы актыўным запазычванням на замежных рынках. Крэдыты і даходы ад прыватызацыі, якія былі залічаны ў склад ЗВР, склалі больш за $5,5 млрд. Без іх уліку золатавалютныя запасы скарачаліся летась у тэмпе каля $250 млн у месяц. Такім чынам,
тэмп падзення ЗВР у студзені большы, чым сярэднемесячны леташні.
Ля параўнання: за студзень 2009 года золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 132 млн долараў, нягледзячы на паступленне тады першага траншу крэдыту МВФ у памеры 788 млн долараў. З улікам сродкаў МВФ, што паступілі, рэальнае зніжэнне золатавалютных рэзерваў у студзені 2009 года склала 919,7 млн даляраў. Такая высокая лічба тлумачылася панікай на фінансавым рынку пасля раптоўнай дэвальвацыі рубля з 2 студзеня.
Скарачэнне валютных рэзерваў выклікана дэфіцытам бягучага рахунку. Краіна ўвозіць больш прадукцыі, чым вывозіць. Спажывае больш, чым вырабляе.
Не варта чакаць паляпшэння сітуацыі пасля аднаўлення паставак нафты ў Мазыр і Наваполацк. У выніку таго, што адгэтуль Беларусь вымушана будзе плаціць мыты за нафту, прадукцыя з якой пасля рээкспартуецца.
Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, сёлета Беларусі будзе трэба $5 млрд замежнага фінансавання, на частку якога краіна яшчэ не дамовілася.





