Сёння міліцыяй быў захоплены Дом Польскі ў Івянцы (Валожынскі раён Мінскай вобласці).

Падчас абедзеннага перапынку, калі яго кіраўнічка Тарэса Собаль выйшла з будынку, уваходы і выхады ў Дом Польскі былі ачэпленыя міліцыяй.

Пасля гэтага ні Тарэса Собаль, ні прадстаўнік польскай амбасады у будынак трапіць не могуць.

На дадзены момант у будынку таксама знаходзяцца каля дзесяці прадстаўнікоў неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі. Міліцыянты прывялі судовых выканаўцаў, яны апісваюць маёмасць. Адначасова выстаўлена варта на ўваходах, каб не пускаць сяброў СПБ, якія спрабуюць трапіць усярэдзіну

Андрэй Пачобут, які сёння ўжо быў затрыманы па дарозе ў Івянец, так пракаментаваў гэтыя падзеі «НН»:

«Гэта захоп. Няма ніякіх юрыдычных падстаў гэтым дзеянням уладаў. Тарэса Собаль была законна пераабраная на пасаду старшыні».

18.50

Перад Домам Польскім у Івянцы сабралася каля 30 сяброў неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі. Андрэй Пачобут паведамляе, што шмат людзей з усяго рэгіёну зараз едуць падтрымаць Тарэсу Собаль у Івянец. Чакаецца прыезд старшыні СПБ Анжалікі Борыс.

Электрычнасць у самім будынку на дадзены момант адключаная. Што там адбываецца -- невядома.

Нагадаем, што 21-га студзеня праваліўся план уладаў па абранні новага, лаяльнага ім, старшыні Дома Польскага у Івянцы. Тады бліскучую перамогу на выбарах атрымала Тарэса Собаль, якая падтрымлівае неафіцыйны СПБ на чале з Анжалікай Борыс.

***

Дом Польскі ў Івянцы — гэта памяшканне былога ўнівермага, што стаяў занядбаным. Ён быў набыты і адрамантаваны ў 2003 годзе на грошы арганізацыі «Вспульнота польска».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?