На прэс‑канферэнцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў прадстаўнік Белсата Міхась Янчук заклікаў падтрымаць Івана Шульгу і даслаць яму паштоўку.
«Дзякуючы таму, што каля кватэры было так шмат журналістаў, не адбылося горшага. — расказаў Міхась Янчук. — Івана вінавацілі, спачатку, па больш значным артыкуле, у збіцці міліцыянта»
Іван Шульга адбывае пакаранне на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве (артыкул 17.1 КаАП). Аператар тэлеканала быў арыштаваны 3 лютага, калі выходзіў з неафіцыйнага бюро Белсата ў Мінску.
Ноч ён правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, 4 лютага суд Савецкага раёна Мінска (суддзя Аксана Рэлява) асудзіў маладога чалавека. На волю Іван мае выйсці 13 лютага.
Даслаць паштоўку можна на адрас: Мінск, першы завулак Акрэсціна, 36, Іван Паўлавіч Шульга.





