Дырэктар фірмы «ГламурАўто» і жаніх Люсі Лушчык Павел Зяневіч асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Павал заваяваў сэрца Люсі шчодрымі падарункамі.

Павал заваяваў сэрца Люсі шчодрымі падарункамі.

Той самы «Лексус».

Той самы «Лексус».

Неяк двое маладых людзей, Павел і Максім, задумаліся, чым бы зарабляць на хлеб з маслам, і заснавалі фірму па камісійным гандлі аўтамабілямі. Адразу вызначыліся: «жыгуляты» ім не патрэбныя, яны будуць спецыялізавацца на дарагіх аўто. Кампаньёны знайшлі месца пад стаянку камісійных аўто, потым на будцы вартаўніка Павел павесіў таблічку «генеральны дырэктар».

Паціху людзі пачалі здаваць аўтамабілі на камісію ў фірму ТАА «ГламурАўто».

Як потым высветлілася, маладыя бізнэсмены (а Павел і Максім абодва 1983 года нараджэння) часам «пантаваліся» — бралі са стаянкі камісійную машыну і рассякалі ў ёй па горадзе, як героі вядомага кліпа Ромы Звера.
Аднак ніякіх буйных непрыемнасцяў з кліентамі ў фірмы да пары да часу не было.

А потым Павел Зяневіч закахаўся ў тэледзіву Люсю Лушчык. Падчас следства яго знаёмыя запэўнівалі аператыўнікаў, што з тых часоў «Паша згубіў галаву». Кажуць, тады ў Паўла і з’явіліся даўгі. Крызіс: людзям не да гламурных аўто, бізнэс не ішоў,

а выдаткі ў Паўла павялічваліся. Трэба ж адпавядаць статусу «зорнага жаніха»!

8 сакавіка мінулага года Павел падагнаў да будынка тэлеканала АНТ «Лексус» з вялізным бантам на капоце. Маўляў, падарунак Люсі. Падвезены пад ўспышкі фотакамер загадзя папярэджаных журналістаў. Машына хоць і патрыманая, але дарагая. У інтэрв’ю Павел сказаў, што сам ён катаецца на «Хамэры» за 98 тысяч долараў. І, наогул, у гаражы ў яго яшчэ 12 аўтамабіляў.

Між тым, хмары над фірмай ТАА «ГламурАўто» згушчаліся. Кліенты былі незадаволеныя тэрмінамі рэалізацыі аўто. Гэта яшчэ можна растлумачыць зніжэннем попыту. Але як растлумачыць адсутнасць непрададзенай машыны на гандлёвай пляцоўцы?

У прыватнасці,

жыхар Брэста здаў на камісію «Субару Форэстэр» за 18 тысяч даляраў. Неяк, прыехаўшы ў Мінск, ён не ўбачыў на стаянцы аўто, аднак Павел сцвярджаў, што машына яшчэ не прададзеная.
Праўда, бажыўся, што акурат у гэты час яго падначаленыя і імкнуцца прадставіць тавар патэнцыйнаму пакупніку. Праз некаторы час берасцеец зноў прыехаў на вуліцу Лабанка ў горадзе Мінску, дзе знаходзілася ТАА «ГламурАўто». Не ўбачыўшы свайго аўтамабіля і не атрымаўшы за яго грошы, грамадзянін наўпрост накіраваўся ў міліцыю.

Да таго часу аператыўныя супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС Мінска ўжо валодалі інфармацыяй аб нячыстым бізнэсе ТАА «ГламурАўто». Заява грамадзяніна была вельмі дарэчы. З гэтага моманту аператыўнікі пачалі праверку фірмы.

Міліцыя сабрала доказы, што «Субару Форэстэр» даўно прададзены, а жыхару Брэста проста не спяшаліся выплачваць грошы.
На падставе сабраных матэрыялаў 17 жніўня 2009 года распачалі крымінальную справу па ч. 4 артыкула 210 «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры».

У гэты ж дзень Паўла затрымалі «без шуму і пылу» каля аднаго з папулярных сталічных супермаркетаў. Павел супраціўляўся псіхалагічна: ды ведаеце на каго руку паднялі, ды заўтра з вас сарвуць пагоны…

Аднак правёўшы менш сутак у ізалятары часовага ўтрымання, Павел пачаў даваць паказанні. Яго партнёры і падначаленыя таксама нічога не хавалі ад следства. І тэледзіву запрасілі на допыт. Спадарыня наракала: «Адчувала, што ўсё дрэнна, настаўляла, маўляў, спыніся, Паша, а ён не слухаўся…»

«У ходзе правядзення аператыўна‑вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена,

што ў Паўла ўтварыліся пазыкі ў суме больш за 120 тысяч даляраў»,

— кажа прэс‑афіцэр Фрунзенскага РУУС Мінска Ала Галубовіч.

У суд перадалі крымінальную справу па абвінавачванні Паўла Зяневіча ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненага ў асабліва буйным памеры, махлярстве і падробцы дакументаў. Суд Фрунзенскага раёна горада Мінска асудзіў яго на 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Зяневіч не пагадзіўся з вердыктам і падаў касацыйную скаргу.

Цяпер, да рашэння суда касацыйнай інстанцыі, ні адзін з аўтамабіляў законным уладальнікам так і не быў вернуты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?