Радыёстанцыя з 100‑працэнтным напаўненнем беларускай музыкай пачала вяшчанне ў сеціве. Планы ў заснавальнікаў «Свайго радыё» амбітныя — зрабіць прафесійную беларускамоўную радыёстанцыю і выйсці ў чэшскі FM‑эфір.

«Сваё радыё» толькі што пачало сваё вяшчанне ў інтэрнэце. Яго стваральнік Дзяніс Ламейка тры гады жыве ў Чэхіі, але пазіцыянуе сваю задуму не як радыё нацыянальнай меншасці, а як агульнабеларускую станцыю. «Захацелася нешта зрабіць для душы ды засведчыць, што беларуская музыка — цікавая і разнастайная з’ява», — кажа Дзяніс.

Фармат у «Свайго радыё» — 100% айчыннай музыкі розных стыляў — ад металу да хіп‑хопу. «Мова выканання для нас ролі не грае — найперш гэта беларуская, але багата якасных песень у выкананні беларусаў і на іншых мовах. Папсы на нашым радыё не пачуеш, у асноўным будзе гучаць тое, чаго няма на беларускіх FM‑cтанцыях. Мяркую, што попыт на такое радыё будзе абавязкова», — апавядае Дзяніс.

Пакуль «Сваё радыё» гучыць у тэставым рэжыме. Надалей плануецца запусціць музычныя праграмы.

Сярод іх — аўтарская праграма Андруся Такінданга пра сучасную беларускую культуру, праграма «Музычны рэгіён» са знаёмствам з несталічнымі камандамі, праграма «Суседзі», дзе будзе гучаць музыка польскіх, чэшскіх, славацкіх, украінскіх гуртоў. Стваральнікі «Свайго радыё» плануюць не спыняцца ў развіцці і ў будучыні ўвайсці ў FM‑прастору Чэхіі.

Паслухаць «Сваё радыё» можна тут.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?