Імправізаваныя квяцярні «ДорОрса» на вакзале збілі цэны на ружы да 1500 за штуку.

Не так даўно на беларускі рынак кветак выйшла дзяржаўнае прадпрыемства «ДорОрс», заснавальнікам якога з’яўляецца дзяржава ў асобе аб’яднання «Беларуская чыгунка».

Яго цяплічная гаспадарка прапаноўвае ружы па вельмі нізкіх цэнах і ў даволі шырокім асартыменце. Працуюць дзяржаўныя цяпліцы ў вёсцы Замасточча на Міншчыне ўжо не першы год, але масавая рэалізацыя пачалася менавіта сёлета.

Прапаганда метадам схаванай камеры

У студзені на чыгуначным вакзале ў Мінску з’явіўся шэраг кропак, дзе ружы можна набыць па цэнах ажно ад 1390 рублёў. Зразумела, што мізэрныя цэны спарадзілі і шалёны попыт з боку пакупнікоў. Попыт гэты дадаткова падагрэла і дзяржаўная прэса.

На мінулым тыдні з’явілася інфармацыя, што цэны на галандскія ружы, якімі звычайна гандлююць беларускія прадпрымальнікі, перад 14 лютага і 8 сакавіка падскочаць на 6–8 тысяч.

Каб праверыць гэтую інфармацыю, мы звярнуліся да гандлярак у кіёсках каля Інстытута культуры — адну з найбуйнейшых гандлёвых кропак з кветкамі ў Мінску. Там, калі даведаліся, што мы прадстаўнікі прэсы, адразу ж зачынілі перад нашым носам дзверы. Як аказалася, некалькі дзён таму сюды прыязджала здымачная група з дзяржаўнага канала СТВ. Здымкі яны вялі з дапамогай схаванай камеры.

«Пасля мы пасля бачылі гэты сюжэт па тэлебачанні — яны ўсё перакруцілі па-свойму. Сказалі, што перад святамі цэны на галандскія кветкі шалёна падскочаць, -сказала яна. — Пасля гэтага паказалі танныя беларускія кветкі, маўляў «купляйце беларускае» Насамрэч мы не чакаем падвышэння цэнаў. Максімум на 500 рублёў ці тысячу."

«Шуруйце да «дорорсаўцаў!»

І ўсё ж кіёскі з кветкамі каля Інстытута культуры пакутуюць праз нераўназначную канкурэнцыю не так, як гандляры непасрэдна на самім вакзале, дзе на адно іх месца прыходзіцца некалькі пунктаў з таннымі беларускімі ружамі.

«Дорорсаўцы» задаволена паціраюць рукі — іх кветкі людзі скупляюць абярэмкамі. Хоць выбіраць кветкі сабе да густу дзяржаўныя гандляры не дазваляюць — яны выбіраюць ружы пакупнікам самі.

Варта адзначыць, што кветкі з Замасточча неблагія, калі іх набываць непасрэдна ў самой цяплічнай гаспадарцы, але тыя, што прывозяцца ў горад навалам, не найлепшыя.

«Нашы кветкі, у адрозненне ад кветак «ДорОрс», перавозяцца і захоўваюцца ў адмысловых умовах. Хто жадае насамрэч якасны тавар, усё адно ідзе да нас, — кажа прадавачка-прыватніца. — А калі трэба чым танней, шуруйце да «доросаўцаў!»

Прыватныя гандляры пакуль не далучаюцца да гандлю ружамі з Замасточча — не падабаецца асартымент. Тым не менш, поспех дзяржаўных канкурэнтаў ім яўна муляе вочы і б’е па кашальку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?