Па аўтобус. Лондан.

Па аўтобус. Лондан.

Як высвятляецца, нашае заўсёднае еўрапейскае стаянне ў чарзе — нешта накшталт старажытнай традыцыі. Прынамсі, так лічаць у брытанскім урадзе. Неўзабаве замежным грамадзянам, які захочуць атрымаць брытанскае грамадзянства, трэба будзе праходзіць курс, пасля якога яны навучацца ветліва і цярпліва чакаць сваёй радоўкі на аўтобусным прыпынку, у паштовым аддзяленні і заводскім буфеце.

Хай гэта гучыць, як англійскі жарт, але міністр іміграцыі Філ Волас настроены сур'ёзна, і даводзіць, што ўрад мае намеры адчыніць падобныя курсы, каб выхаваць новапрыбылых, паколькі шмат хто з імігрантаў не ўмее цярпліва стаяць у чарзе па грамадскія паслугі і гэтак стварае напругу ў грамадстве.

«Стаянне ў чарзе — нацыянальны звычай, які аб'ядноўвае нашу краіну, — сказаў Філ Волас у інтэрв'ю «Дэйлі Тэлеграф». — Вельмі важна, каб новыя грамадзяне навучыліся чакаць аўтобуса і цярпліва стаяць у чарзе па кубак гарбаты».

Спадар міністр дадаў: «У Брытаніі стаянне ў чарзе дае пачуццё роўнасці, а калі нейкія людзі ўлазяць у чаргу, або незаконна абыходзяць яе, у брытанцаў нараджаецца моцнае пачуццё гневу. Я перакананы, што большасць імігрантаў палічыць з радасцю вывучаць нашыя звычаі».

Калі курс па стаянні ў чарзе пройдзе ўхвалу ў парламенце, дык ён будзе далучаны да пісьмовага іспыту на права атрымаць грамадзянства. Той іспыт уключае пытанні на розныя тэмы: ад англійскай гісторыі да поп-музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?