Прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі спадзяецца на рашучыя, паслядоўныя і найперш эфектыўныя дзеянні з боку Еўрасаюза, АБСЕ, Рады Еўропы і іншых структур, каб дапамагчы польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

Пра гэта кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіслаў Стасяк паведаміў журналістам 15 лютага па выніках сустрэчы Качыньскага з кіраўніком МЗС краіны Радаславам Сікорскім.

Як паведамляе прэс-служба адміністрацыі, Стасяк паведаміў, што бакі абмеркавалі крокі, «якія неабходна прыняць неадкладна». Нам неабходна прыняць такія меры, якія стасуюцца з дадзенай сітуацыяй, і пераканаць нашых партнёраў, што ў сітуацыі не да жартаў і крызіс павінен быць урэгуляваны ў найкарацейшы тэрмін», — сказаў чыноўнік.

Кіраўнік адміністрацыі адзначыў, што «рэпрэсіі ў адносінах да польскай меншасці не аслаблі,

а актывізаваліся пасля візіту 12 лютага ў Польшчу міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава».

Качынскі мае намер накіраваць ліст Аляксандру Лукашэнку, дзе паведаміць аб асабістай зацікаўленасці ва ўрэгуляванні сітуацыі. Прэзідэнт Польшчы чакае «пастаяннага інфармавання аб развіцці сітуацыі і дзеяннях, якія прадпрымаюць беларускія ўлады ў дачыненні да нашых суайчыннікаў».

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Польшчы заявіў,

што «распачаты адлік секундамера да старту негатыўнага сцэнарыя»,

паведамляе польская «Газета выборча».

Сікорскі адзначыў, што

апоўначы набудзе моц рашэнне польскіх улад, якое забараняе ўезд у краіну беларускім чыноўнікам, якія маюць дачыненне да парушэння правоў польскай меншасці.

Паводле яго слоў, прэзідэнт ухваліў дзеянні ўрада.

Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што ў беларускіх улад ёсць магчымасць змяніць сваю палітыку. Калі гэтага не адбудзецца, «акно магчымасцяў будзе закрыта, а супраць Беларусі ўвядуць санкцыі Польшча і ЕС».

Як паведамляе прэс-служба польскага ўрада,

прэм'ер-міністр Дональд Туск 15 лютага патэлефанаваў кіраўніку неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Анжаліцы Борыс.

Ён паведаміў, што знаходзіцца ўвесь час у кантакце са старшынёй Еўрапарламента Ежы Бузкам. Туск і Борыс дамовіліся звязацца па тэлефоне 16 лютага.

Прэс-сакратар Туска Павел Грась заявіў, што польскі ўрад чакае адказу на ліст, які быў перададзены кіраўніку МЗС Беларусі Сяргею Мартынаву, пасля чаго «прадпрыме далейшыя крокі».

«Калі адказ не будзе станоўчым, то магчымыя розныя сцэнары развіцця сітуацыі», — сказаў ён.

Паводле слоў Грася, найбольш эфектыўныя з іх уключаюць дзеянні з боку не толькі Польшчы, але і ЕС. Ён адзначыў, што ўрад «шукае эфектыўныя рашэнні, якія будуць дастаткова суровымі для беларускіх улад, каб рэпрэсіі спыніліся».

* * *

15 лютага беларускія ўлады затрымалі кіраўніцтва неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс.

Борыс аштрафавана на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцэр і Мечыслаў Яскевіч асуджаны на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гродне несанкцыянаванага мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі СПБ.

Кіраўнік нефармальнага СПБ у Івянцы Тарэса Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома палякаў. Пазоў супраць Собаль падаў старшыня афіцыйна зарэгістраванага СПБ Станіслаў Сямашка.

Усяго 15 лютага ў розных месцах Беларусі было затрымана каля 40 актывістаў неафіцыйнага СПБ, якія накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна, каб падтрымаць Собаль. Усе затрыманыя хутка былі адпушчаны.

11—12 лютага кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў наведаў Польшчу. Яму быў перададзены ліст, дзе польскі бок паведаміў, што можа зрабіць для Беларусі, калі рэпрэсіі ў дачыненні да польскай нацыянальнай меншасці будуць спынены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?