Францішак Вячорка падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы на выбары ў Мазыры. Ён хоча балатавацца па 25-й Станцыйнай акрузе ў Мазырскі райсавет.
Былога старшыню Моладзі БНФ год таму прызвалі ў войска, каб адарваць ад палітычнай дзейнасці. У Мазыры ён служыць у батальёне супрацьпаветранай абароны.
Франака няможна вылучыць ад Партыі БНФ. Паводле заканадаўства ў часе службы ён павінен быць беспартыйным. Таму ён будзе вылучацца шляхам збору подпісаў. Пра ягонае рашэнне паведаміў Андрусь Крэчка, цяперашні старшыня Моладзі БНФ.
Асноўную ўвагу Франак хоча надаць працы з жыхарамі навакольных кварталаў, чый галаўны боль — разбітыя дарогі. Таксама ён хоча ад імя жыхароў патрабаваць вяртання Мазыру статусу радыяцыйна забруджанай тэрыторыі. Гэты статус скасаваны ўладамі з 1 студзеня 2010 году, што цягне за сабой скасаванне бясплатнага харчавання дзяцей у школах і даплатаў працоўным. Франак акцэнтуе, што льготы касуюць, а тым часам у Мазыры будуюць лядовы палац.
Дарэчы, Вінцук Вячорка, тата Франака, мае балатавацца ў дэпутаты ў Менску. З адной сям'і, такім чынам, будзе два кандыдаты.





