Кіраўніцтва Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў выказвае салідарнасьць з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасьці ў іх змаганьні за рэалізацыю свабоды асацыяцыі.
Мы лічым непрымальнымі любыя спробы дзяржаўнай улады па стварэньні кіраванай псэўдаграмадзянскай супольнасьці, у тым ліку праз адзяржаўленьне структураў Саюза палякаў у Беларусі. Асабліва абуральнымі зьяўляюцца выпадкі, падобныя на захоп дзяржаўнымі службоўцамі будынку Саюза палякаў у Івянцы, якія прадстаўляюць сабой гвалтоўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы грамадзкага аб’яднаньня. Мы лічым такія дзеяньні недапушчальнымі і разглядаем іх як парушэньне Рэспублікай Беларусь абавязальніцтваў, якія дзяржава ўзяла на сябе ў межах артыкула 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкула 5 Канвэнцыі аб правах асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што гвалтоўныя дзеяньні супраць польскай меншасьці адбываюцца на фоне інтэнсіфікацыі дачыненьняў паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім Зьвязам, а таксама напярэдадні выбарчых кампаніяў
Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць наступ на арганізацыі польскай меншасьці і стварыць умовы для ўрэгуляваньня канфлікту, забясьпечыўшы права грамадзянаў Беларусі на свабоду асацыяцыяў.





