Традыцыйную акцыю на Дзень салідарнасці сёння правесці не далі. Сярод 28 затрыманых — фотакарэспандэнтка НН Юлія Дарашкевіч.
Затрымліваюць Міколу Дземідзенку. Фота Юліі Дарашкевіч.
charter97.org
***
20:55
Юліі Дарашкевіч адпусцілі. Як яна расказала, з яе ўзялі тлумачэнне. Пратакола не складалі.
20:41
Выйшаў яшчэ адзін затрыманы — Павел Пракаповіч.
20:32
Выпусцілі тым часам яшчэ аднаго затрыманага.
20:30
Выпусцілі яшчэ аднаго затрыманага.
20:26
Да людзей, што сабраліся ля будынка РУУС выйшаў нейкі чалавек у цывільнымі сказаў з апломбам у голасе, што калі адсюль не разыдуцца, то нікога не выпусцяць і наогул — можа пачацца хапун.
20:09
Выпусцілі грамадскага актывіста Паўла Юхневіча і двух дзяўчат, якія, праўдападобна, трапілі сярод затрыманых выпадкова. Усіх адпусцілі без складання пратакола. Юлю Дарашкевіч пакуль не адпускаюць. Нагадаем, што сёння ўсяго затрымалі 28 чалавек.
20:01
Выпусцілі грамадскага актывіста Паўла Юхневіча і двух дзяўчын, якія, праўдападобна, трапілі сярод затрыманых выпадкова. Усіх адпусцілі без складання пратаколу. Юлю Дарашкевіч пакуль не адпускаюць.
19:50
Усяго затрыманых 28 чалавек. На ганку Цэнтральнага РУУС адмаўляюцца браць заяву і пускаць унутр. На ганку стаіць маёр Міхаіл Котаў і не пускае ні журналістаў, ні адваката, ні прадстаўнікоў БАЖ у памяшканне.
Ён жа адмаўляецца пацвердзіць, ці затрыманая Юлія Дарашкевіч.
18:30
Сем чалавек вярнуліся на плошчу, разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і прынеслі з сабой расцяжку «За нашу і вашу вольнасць» у знак салідарнасці з Саюзам палякаў.
Іх усіх забралі, сярод іншых затрыманы грамадскі актывіст Павел Юхневіч.
Іх таксама пагрузілі ў аўтобус і павезлі ў РУУС.
18:21
Аўтобус з затрыманымі ад'яжджае, відаць, у Цэнтральны РУУС (усяго затрыманыя сем чалавек).
Трое маладафронтаўцаў знаходзяцца ў пастарунку ў пераходзе метро.
18:14
Затрымана фотакарэспандэнт НН Юлія Дарашкевіч,
прапаршчык Ігнацьеў забраў у яе журналісцкае пасведчанне, а іншы чалавек у цывільным (не прадставіўся) адвёў яе ў аўтобус, зазначыўшы, што журналістка нібыта ўдарыла яго.
18:10
Кожнага, хто імкнецца трапіць на плошчы, людзі ў цывільным затрымліваюць, не даючы патрапіць на акцыю.
* * *
18:02
На плошчы шмат людзей у цывільным. Журналістам не даюць здымаць.
У дзяўчат, што набліжаліся да плошчы, вырвалі бел-чырвона-белы сцяг.
Міліцыя ходзіць з рупарам па плошчы і прамаўляюць, што з 23 лютага будзе забаронена распіццё піва ў грамадскіх месцах.
І ні традыцыйнага слова пра «несанкцыянаваную акцыю».
Журналісты мяркуюць, што гэта зроблена спецыяльна, каб звычайныя мінакі не думалі, што тут адбываецца палітычная акцыя.
* * *
Чатыры гады кожны месяц 16‑га дня праходзіць акцыя ў падтрымку палітвязняў і сем’яў зніклых.
У розных гарадах Беларусі і замежжа людзі выходзяць на вуліцы са сцягамі і партрэтамі, каб прызваць беларускія ўлады да спынення рэпрэсій і да палітычных зменаў у краіне. Акцыя «Салідарнасці» мае на мэце нагадаць грамадству, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць вязні сумлення: гэта ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі.
Таксама ў Беларусі па‑ранейшаму амаль не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999‑2000 гг апазіцыйных лідэраў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.





