Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) прадставіла вечарам 17 лютага ў Мінску спіс кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Як паведаміў лідэр партыі Алег Новікаў, мэта ўдзелу ў выбарчай кампаніі — рэанімаваць БПЗ на палітычным полі Беларусі. «Партыя не брала ўдзелу ў палітычным жыцці краіны з 1996 года. З той пары «Зялёныя» не ўдзельнічалі ні ў адной электаральнай кампаніі, таму зараз мы хочам паспрабаваць свае сілы на некаторых участках, у якіх, як я лічу, нашы кандыдаты будуць найбольш прахаднымі», — растлумачыў Новікаў.

Зараз у партыйным спісе кандыдатаў восем чалавек.

Аднак, як адзначыў лідэр БПЗ, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў ад партый магчыма да 15 сакавіка. «Таму спіс кандыдатаў у дэпутаты ад нашай партыі застаецца адкрытым. Любы, хто падзяляе каштоўнасці БПЗ, можа далучыцца да гэтага спіса», — адзначыў Алег Новікаў.

Паводле яго слоў, некаторыя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў будуць вылучацца «двайным шляхам»: з дапамогай збору подпісаў і па партыйных спісах.

Сам лідэр БПЗ збіраецца балатавацца ў Салігорску (Мінская вобласць), дзе ён прапісаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?