Піша Уладзімір Падгол, аўтар ідэі агульнанацыянальных дыктовак.

Пра менталітэт беларусаў можна сказаць коратка показкай: «Бог цярпеў і нам казаў». У маім рамане «Куля для прэзідэнта» ёсць сімвал кулі, складзенай з беларускіх душаў. На яе вяршыні стаіць хлопчык, яго штаны спушчаны, як і ў брусэльскага малога, але наш — не сікае. Калі пытаюцца: «Чаму?», адказ просты: «Церпіць!».

Нашы людзі церпяць усё.

Тры гады таму палітычныя лідэры думалі, чым адзначыць 90‑годдзе БНР. У гэты ж час трапіў у амбасаду Літвы, дзе сваю агульнанацыянальную дыктоўку рыхтаваліся пісаць літоўцы Беларусі. «А чаму мы не пішам?» — падумаў я. Так усе, нават нямоглыя і хворыя, старыя і малыя, змогуць узяць удзел у дэманстрацыі салідарнасці з мовай.

Колькі сілаў і нерваў давялося спаліць, каб пераканаць у неабходнасці акцыі, — можна дэтэктыў напісаць. Урэшце, нават у Маскве, у бібліятэцы імя Леніна, беларусы Расіі пісалі дыктоўку. Пісалі ў ЗША, у краінах ЕС. У Віцебску Мірон напісаў дыктоўку на самым высокім доме горада, а, напісаўшы, вывесіў нацыянальны сцяг. Барыс Хамайда пісаў дыктоўку на пляцы ў атачэнні аўтаматчыкаў. І сваёй мужнасцю падштурхнуў афіцэра, які камандаваў аўтаматчыкамі, прызнацца перад падначаленымі, што і сам гаворыць па‑беларуску.

Маці Аляксандра Казуліна прыехала пісаць дыктоўку, хоць вельмі хварэла.

Прымусіла сябе: дзеля мовы і дзеля сына, якія — і сын, і мова — былі зняволеныя. Мова і па сёння за палітычнымі кратамі. Выкінутая за дзверы навучальных устаноў. Каб моладзь не чула яе. І не па дурноце калгасніка, які дыктуе свае дыктоўкі кшталту: «Коль уж избрали президентом колхозника, ну так терпите» — а па разліку цынічным, бо за цкаванне мовы ўладар краіны мае эканамічныя прэферэнцыі ад уладатрымальнікаў Крамля і падтрымку на выбарах.

Вось ужо старт трэцяй агульнанацыянальнай дыктоўкі далі сябры клуба «Спадчына». І напісалі яны тэкст, які склаў Адам Мальдзіс, а прачытала Зінаіда Бандарэнка. Справа пайшла. Хочацца, каб лідэры так арганізавалі дыктоўку, каб пашану да мовы пабачылі беларусы. А гэта значыць, што пісаць трэба не толькі ў офісах ды кватэрах, але і ў людных месцах, ля помнікаў літаратарам. Бо дыктоўка — гэта і акцыя салідарнасці з мовай, і акт негвалтоўнага супраціву. Супраціву смерці мовы і нацыі.

Пакінеце ўнукам на памяць як запавет стаўлення да мовы.

А я хачу прапанаваць яшчэ адну ідэю. Год таму ў Брусэлі ў дыпламатычным прадстаўніцтве Чэхіі ў ЕС, падчас дзён Чэхіі, гаспадары паклалі на стол дзве кнігі. Адну — Біблію, а другую — кнігу з чыстымі лістамі. І прапанавалі гасцям перапісаць радкі з Бібліі сваёй рукой у чыстую кнігу. Чаму б нам не зрабіць падобнае? Напрыклад, у касцёлах і цэрквах святары маглі б адвесці месцы для дзвюх кніг. І людзі пісалі б дыктоўкі з Бібліі. Пры гэтым салідарнасць з моваю і Бібліяй была б праяўленая ў новай форме і засталася б глыбока ў душах.

Думаю, што дыктоўка з Бібліі патрэбна не толькі чэхам, а таксама і нам. І хутчэй за ўсё ў значна большай ступені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?