Выдзяленне крэдытаў Беларусі Еўрапейскім інвестыцыйным банкам спыненае ў сувязі з ціскам на Саюз палякаў Беларусі.
Зараз Рада ЕС мае прыняць рашэнне аб скасаванні крэдытных праграм для Беларусі альбо іх разблакаванні. Памер запланаваных крэдытаў для Беларусі дасягаў €1 млрд.

На сёння беларускі бок выявіў цікаўнасць у 500 млн. еўра дапамогі ЕІБ для фінансавання эканамічных праектаў. У прыватнасці, супольнага нямецка-беларускага праекта мадэрнізацыі Беларускай чыгункі і пабудовы лініі электраперадач Беласток-Рось.

Віцэ-прэзідэнт ЕІБ Моніка Гаенцка, таксама паведаміла, што частка крэдытаў магла б трапіць у беларускія банкі для фінансавання праграм развіцця сярэдняга і дробнага прадпрымальніцтва. «Крэдыты ЕІБ — адзіная магчымасць фінансавага ціску Еўразвяза на беларускія ўлады», — заявіла ў інтэрв’ю польскаму выданню «Gazeta Wyborcza» віцэ-прэзідэнт банку Марта Гаенцка.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк створаны краінамі ЕС для фінансавання гаспадарчых праектаў і выдзяляе крэдыты на значна больш выгадных умовах, чым камерцыйныя банкі. Планавалася, што да 2013 г. ЕІБ рэалізуе ў Малдове, Расіі, Украіне і Беларусі праекты агульным коштам у €3,7 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?