На думку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы Уладзіслава Стасяка, ліст Аляксандра Лукашэнкі польскаму калегу Леху Качыньскаму пацвярджае, што «дэмакратызацыя Беларусі — гэта фікцыя». Пра гэта ён заявіў журналістам, перадае інфармагенцтва РАР.

23 лютага пасольства Беларусі ў Варшаве аб’явіла, што беларускі прэзідэнт накіраваў ліст у адказ на зварот Качыньскага ад 16 лютага, у якім той выказаў «заклапочанасць і рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў на Беларусі». Паводле інфармацыі беларускай дыпмісіі, кіраўнік Беларусі «адказаў на ўсе пытанні польскага прэзідэнта і выказаў надзею на збалансаваны і ўзаемапаважлівы дыялог Беларусі і Польшчы для далейшага развіцця дружалюбных і добрасуседскіх адносін паміж краінамі».

Паводле слоў Стасяка, сітуацыя вырашыцца, «толькі калі Беларусь захоча даказаць Польшчы і ЕС, што можа стаць на шлях паважання грамадзянскіх правоў, у прыватнасці правоў нацыянальных меншасцяў».

У адміністрацыі польскага прэзідэнта не выдаюць змест ліста Лукашэнкі. Як заявіў дзяржсакратар канцылярыі прэзідэнта Павел Выпых, зварот беларускага прэзідэнта змяшчае «агульныя фармулёўкі і не абяцае перамен». «Падобна, што прэзідэнт Беларусі лічыць, што ўсе дзеянні, распачатыя апошнімі тыднямі ў Беларусі, былі найбольш мэтазгоднымі і адпавядаюць стандартам дэмакратычнай дзяржавы», — заявіў Выпых.

Прадстаўнік адміністрацыі ўказаў, што Качыньскі мае намер напісаць вярхоўным прадстаўнікам ЕС Херману ван Рампёю і Кэтрын Эштан аб сітуацыі з польскай меншасцю ў Беларусі і працытаваць пасланне беларускага прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?