Ад Антарктыды адкалоўся айсберг плошчай з герцагства Люксембург. Навукоўцы кажуць, што гэтая падзея можа выклікаць пахаладанне ў Еўропе ў бліжэйшыя гады.

У пачатку лютага «частку сябе» страціў ледавік Мерц, які прымыкаў да ўзбярэжжа Антарктыды, нібы паўвостраў, а на карце выглядаў як «язык» — каса лёду працягласцю ў 160 км на поўдзень ад Мельбурна.

Паспрыяў гэтаму ляднік B9B, які яшчэ ў 1987 годзе адкалоўся ад мацерыка і дрэйфаваў паблізу ўзбярэжжа. Ён ударыў па ледавіку Мерц, і «расхістаная» частка выправілася ў свабоднае плаванне ў бок Аўстраліі.

Айсберг мае плошчу каля 2500 кв. км, што супастаўна з плошчай адной з найменшых еўрапейскіх дзяржаваў — герцагства Люксембург і трохі больш за Мінскі раён.

У параўнанні з плошчай Сусветнага акіяну гэты «лядзяк», вядома, «кропля ў моры». Але, з іншага боку, гэтая махіна вялікага аб'ёму пэўнай тэмпературы, якая ўплывае на цыркуляцыю вады ў акіяне. Цячэнне акіянскіх водаў, што склалася цягам стагоддзяў, праз гэты айсберг можа быць парушана. Глыба знаходзіцца якраз у той частцы акіяну, дзе ўтвараюцца глыбінныя плыні халоднай вады. Уплыў на працэс іх утварэння выкліча змены цыркуляцыі цяпла ва ўсім акіяне і, як кажуць навукоўцы, будзе ўплываць на клімат Зямлі некалькі дзесяцігоддзяў.

У прыватнасці, праз гэты айсберг у Еўропе могуць быць халаднейшыя зімы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?