У 2011-2013 гадах Еўрапейскі Саюз выдзеліць сваім суседзям больш 5,7 млрд. еўра для ўмацавання палітычнага супрацоўніцтва і развіцця эканамічнай інтэграцыі.

Новыя рэсурсы будуць выдаткаваныя з бюджэту Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства. ЕС таксама падтрымае праекты па барацьбе са змяненнем клімату, у транспартнай сферы, у энергетыцы і ахове навакольнага асяроддзя.

Беларусь пакуль у праграму афіцыйна не ўключаная. Яе проста няма ў спісе краін-удзельніц.

Плануецца, што Еўрапейская Камісія ў хуткім часе разгледзіць яшчэ тры праграмы: спецыяльную праграму для Беларусі, праграму Еўра-Міжземнаморскага партнёрства, а таксама Трансгранічную аперацыйную праграму.

«НН» звярнулася па каментар да палітолага Алеся Лагвінца.

«НН»: Наколькі нашая краіна ўвогуле здольная выкарыстоўваць сродкі ЕС?

Еўрапейская палітыка добрасуседства была заснаваная ў 2004 годзе. Праграма выходзіць за межы традыцыйнага палітычнага супрацоўніцтва з мэтай развіцця эканамічнай інтэграцыі і для падтрымкі рэформаў, неабходных для стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця краін-партнёраў ЕС. Нядаўна гэтая праграма была ўзмоцненая ініцыятывамі рэгіянальнага супрацоўніцтва – Саюзам для Міжземнамор'я і Усходнім Партнёрствам.

АЛ: Беларусь не да канца падрыхтаваная да гэтага. У Беларусі ў гэтым плане найгоршая гісторыя з усіх краін-удзельніц праграмы, хіба толькі за выключэннем Лівіі. Нам далёка нават да Расіі і Украіны. Афіцыйны Мінск не падрыхтаваны да ўдзелу ў падобных праграмах.
Больш за тое, цягам апошняга дзесяцігоддзя дзесяткі ўзгодненых праектаў былі не зацверджаныя з беларускага боку. Прычына зразумелая – страх страціць кантроль над грамадствам.
Гэта патэнцыяльныя грошы, якія ЕС закладвае ў свае праграмы супрацоўніцтва з асобнымі краінамі. Аднак зважаючы на гатоўнасць беларускага прыватнага бізнэса, а тым больш дзяржаўных прадпрыемстваў, мы не здольныя выкарыстаць грошы ЕС.

«НН»: Што павінна змяніцца, каб Беларусь магла больш эфектыўна выкарыстоўваць сродкі, што выдзяляцца Брусэлем?

АЛ: Зрабіць трэба вельмі шмат. Паважаць уласную Канстытуцыю, улічваць 12 умоваў ЕС да Беларусі, каб была ратыфікаванай дамова аб супрацоўніцтве, падпісаную яшчэ ў 1995 годзе або распрацаванай новая … Шмат такіх момантаў. Неабходна ўдзельнічаць ва ўсіх праграмах ЕС, паглыбляць рэфармаванне эканомікі, каб больш плённа супрацоўнічаць з краінамі Еўрасаюза, вырашаць візавыя праблемы. Беларусь нашмат менш актыўная ў гэтым плане, чым тая ж Украіна.

«НН»: Чаму Беларусі не было ў спісе тых краін, праграму супрацоўніцтва з якімі прынялі ўчора? Чым можна патлумачыць той факт, што для Беларусі распрацаваная адмысловая праграма?

АЛ:

Гэта сігнал беларускім уладам. Сігнал аб тым, што ЕС гатовы да супрацоўніцтва, але чакае таксама і пэўных крокаў з боку Мінска.
Магчыма, што для Беларусі памер фінансавай дапамогі будзе нават павялічаны. Мы сваё супрацоўніцтва з ЕС толькі пачынаем, таму і такая асаблівая ўвага.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?