25 лютага дырэктар «Расатама» Сяргей Кірыенка, намеснік прэм’ер-міністра Сяргей Іваноў і губернатар Георгій Баос урачыста заклалі падмурак будучай АЭС.

Два блокі па 1150 МВт будуць каштаваць 5 млрд еўра, расійцы хочуць запусціць першы ў 2016 годзе, другі — на два гады пазней.

«Расатам» — дзяржаўная кампанія, адказная за ядравую энэргетыку ў Расіі, — упершыню ў гісторыі прапанавала замежным інвестарам трымаць 49% акцый у прадпрыемстве.

Афіцыйна абвясціла пра сваё жаданне ўдзельнічаць толькі іспанская Iberdrola. Кірыенка дадаў, што сярод кандыдатаў у інвестары — кампаніі з Германіі. Партнёры будуць абраныя ў 2011 годзе.

«Завод будзе дастаўляць электраэнэргію і ў Калінінградскую вобласць, але ў асноўным на экспарт, — кажа прадстаўнік кампаніі, — у краіны Балтыі, Польшчу і Германію.

Аднак Калінінградская вобласць мае цяпер наўпростае злучэнне толькі з Літвой, а праз яе — з астатняй часткай Расіі і Беларуссю. Цяпер будуецца ключ паміж Польшчай і Літвой. Мы хочам, каб пабудавалі яшчэ адзін — паміж Польшчай і Калінінградскай вобласцю.
У Польшчы будаўніцтва запавольваецца праз праблемы з уласнікамі ўчасткаў, на якіх мусяць быць пракладзеныя кабелі. „Мы пра гэта ведаем, таму прапануем будаваць ключ ніжэй за ўзровень мора, паміж Калінінградам і Эльблёнгам“.

Польскія службовыя асобы неафіцыйна паведамляюць, што яны баяцца далейшага павелічэння залежнасці ад імпарту энэрганосьбітаў з Расіі і як выніку — магчымасці энэргетычнага шантажу. Расійцы запэўніваюць, што электрычнасць — не газ, пастаўкі якога могуць быць прыпыненыя ў любы час. Падчас вайны з Асеціяй у мінулым годзе нашыя электрастанцыі ў Грузіі працавалі нармальна», — кажа прадстаўнік кампаніі.

Ён дадае, што яны гатовыя даць інвестарам месцы ў радзе дырэктараў кампаніі, якой будзе належаць электрастанцыя: «Але мы можам не чакаць згоды Польшчы, а пракласці кабель да Германіі ўздоўж газаправоду Nord Stream».

Гэта будзе каштаваць 1,2 млрд еўра, але прадстаўнік расейскай кампаніі кажа, што Калінінградская АЭС будзе канкурэнтаздольнай, бо Германія да 2030 году плануе зачыніць свае ядравыя электрастанцыі, а новых станцый, што працуюць на вугалі, не плануецца. Новыя станцыі будуць працаваць галоўным чынам ад газу і энэргіі ветру, а атамная энэргія таннейшая за іх.

Найбольш зацікаўленыя ў будаўніцтве станцыі ў Калінінградзе літоўцы. 1 студзеня 2010 году ў адпаведнасці з пагадненнем з Еўрасаюзам была зачыненая Ігналінская АЭС. Рашэнне пра яе закрыццё было прынятае яшчэ ў 2004 годзе, але з таго часу Вільня зрабіла няшмат, каб пабудаваць новую электрастанцыю.
Літоўцы кажуць, што размаўлялі з пяццю зацікаўленымі інвестарамі, але невядома, ці здолее Літва, што перажывае крызіс, сабраць грошы на новую электрастанцыю. Усё менш і менш шанцаў на тое, што да праекту далучыцца Польшча, якая засяродзілася на будаўніцтве ўласнай электрастанцыі.

Паводле дадзеных кансультацыйнай кампаніі «Ротшыльд», у рэгіёне будзе попыт на электраэнэргію ад абедзвюх станцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?