Фота Юліі Дарашкевіч.
Гутарка з алімпійскім чэмпіёнам Ванкувера Аляксеем Грышыным.
«Наша Ніва»: Аляксей, як Вы апынуліся ў фрыстайле? Гэта не самы папулярны від спорту. Чаму не футбол, не хакей?
Аляксей Грышын:
Я пачынаў з гімнастыкі. Але ў мяне такая праблема, што ў мяне да канца не гнуцца косці ў лакцях, таму з гімнастыкай давялося завязаць. Трэнеры параілі мне знайсці новую спартыўную секцыю. Бацькі ў газеце знайшлі абвестку, што набіраецца група хлопчыкаў на фрыстайл.Я пайшоў туды, мне тады было ўсяго сем гадоў. Было цяжка, як любому спартсмену, але кінуць фрыстайл не хацеў ніколі. Спачатку займаліся скачкамі на батуце, у ваду. Потым пачаліся першыя скачкі з трампліна. Не ведаю, чаму не футбол. Можа таму, што ў фрыстайле была нейкая навізна.
«НН»: А бацькі не хваляваліся, што аддалі сына ў такі небяспечны від спорту?
АГ: Спачатку проста ніхто не ведаў, што гэта такое. Ведалі, што гэта нешта звязанае з горнымі лыжамі. Таму асабліва не хваляваліся. Потым, калі даведаліся болей, задумаліся. Але каб забіраць мяне з фрыстайлу, то да такога не даходзіла.
НН»: Спортам займаюцца мільёны. А перамагаюць толькі адзінкі. У чым сакрэт перамог?
АГ: Я не думаю, што ёсць нейкая ўніверсальная формула. Усе людзі розныя, іхнія перамогі таксама розныя. Мне здаецца, што галоўным фактарам усё ж з’яўляецца імкненне да перамогі. Трэба навучыцца ставіць перад сабой канкрэтныя задачы і выконваць іх.
«НН»: А якая думка пранеслася ў галаве пасля перамогі ў Ванкуверы?
АГ: Адзінае, аб чым падумаў, што збылася мая мара. Тая, да якой я ішоў на працягу многіх гадоў. Адчуў сябе шчаслівым чалавекам.
«НН»: А перад стартам верылі ў перамогу?
АГ: Я ехаў на Алімпіяду па золата. У нашым відзе спорту шмат што залежыць ад суб’ектыўных фактараў — ад суддзяў, ад надвор’я. Тым не менш, быў упэўнены ў перамозе.
«НН»: У адным з інтэрв’ю Вы прызналіся, што пакутуеце ад спінной грыжы. Дакладней, ад дзевяці грыжаў. Гэта прафесійная хвароба фрыстайлістаў?
АГ:
Так. Абсалютна ва ўсіх фрыстайлістаў траўмаваныя спіна і калені. Дзякуй Богу, што спіна ўжо не турбавала мяне цэлы год. Горш не становіцца, і тое добра. Я настроены змагацца за самыя высокія месцы і на Алімпіядзе ў Сочы.
«НН»: А чаго цяпер хочацца найбольш?
АГ: Проста адпачыць.





