Раю нашаму слаўнаму паэту Леаніду Дранько‑Майсюку дысцыплінаваць фантазію. Піша Уладзімір Арлоў.

Адной з самых змястоўных публікацый першага нумара новага літаратурна‑мастацкага часопіса «Верасень», на мой погляд, з’яўляецца інтэрв’ю Леаніда Васільевіча Дранько‑Майсюка, надрукаванае пад някідкай паэтычнай назваю «На сцэне трэба чытаць змястоўныя вершы, а не рваць газеты».

Маладыя чытачы і літаратурная моладзь, якім найперш адрасаваны часопіс, даведваюцца з вуснаў мэтра шмат цікавых і карысных рэчаў: як робяцца пісьменнікамі, як трэба шукаць сваё непаўторнае слова, як трымацца на сцэне (гл.назву інтэрв’ю) etc. З парадамі юным творцам суседнічаюць развагі Леаніда Васільевіча над такімі складанымі і балючымі з’явамі айчыннай літаратуры, як вядомы верш Андрэя Хадановіча «Хлопчык і копчык», каляндар з аголенымі калегамі альбо паэтычныя слэмы. Дарэчы, апошнім Дранько‑Майсюк даў бліскучую і вычарпальную характарыстыку: «А слэм — і ўсялякія там роднасныя яму перфомансы — выходзіць за межы мастацтва, за межы паэзіі і здаровага сэнсу». Належнае аддаецца ў інтэрв’ю і словатворчасці, у прыватнасці, абгрунтаванню вынайдзеных самім паэтам слоў «далькажык» (замест «мабільніка») або «выход» (замест «прынтара», які ў не зусім свядомых колах даўно завецца «друкаркай»).

Зрэшты, як заўважыў калісьці Фрыдрых Ніцшэ, «усё жыццё і ёсць спрэчкай пра густы». Камусьці даспадобы «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, а камусьці «Вам — задание» Мікалая Чаргінца.

Адказваючы на вясёлае і дасціпнае пытанне, ці не быў ён у мінулым жыцці ваўком, Леанід Васільевіч робіць надзвычай сур’ёзную выснову (з якой наўрад ці пагадзіўся б, да прыкладу, Ян Баршчэўскі): «Мы, беларусы, у аснове сваёй глядзім на жыццё дастаткова цвяроза, дастаткова рацыянальна. Калі нешта ўспамінаем, то ўспамінаем тое, што было. Рэальна было». З прычыны, якую чытач зразумее крыху пазней, тут я мушу паставаіць NB.

Відаць, таму, што якраз цяпер пішу працяг сваёй дзіцячай кніжкі «Адкуль наш род», у інтэрв’ю Дранько‑Майсюка мяне найперш прывабіла пытанне: «Якім вы былі ў дзяцінстве?» Адразу згадаліся ўласныя дзіцячыя гады, незабыўная бабуля Аўгіння, што вучыла не спаць, калі сонца сядае, і не гля¬дзецца ў люстэрка апоўначы — бо растанеш у ім, як солі драбінка ў студні, а таксама не хлусіць, бо пачуе святы Мікола з абразоў і бу¬дзеш сікацца ўначы…

Леанід Васільевіч у дзяцінстве быў «паслухмяным, уважлівым, не рабіў шкоду», «любіў слухаць беларускае радыё», асабліва радыёспектаклі паводле твораў беларускіх пісьменнікаў, якія яму «здаваліся лепшымі людзьмі на свеце!» Далей дзяцінства было чамусьці забытае, і думка паэта зрабіла круты віраж. Перапрашаю за доўгае цытаванне, але без яго абысціся тут немагчыма: «На жаль, з нядаўняга часу ўсталявалася мода здзекавацца з класічных твораў і з саміх класікаў. Я гэта ўспрымаю як асабістую абразу.

Колькі гадоў таму шырока друкаваліся фрагменты аднаго дзённіка, у якім апаганены лепшыя нашы літаратары. Уладзімір Арлоў усклікнуў: «Які цудоўны дзённік!» і надрукаваў свой радасны водгук у «Нашай Ніве». Тое, што былі зняважаны Максім Танк і Пімен Панчанка, Янка Брыль і Васіль Быкаў, Мікола Аўрамчык і Генадзь Бураўкін, Іван Навуменка і Васіль Зуёнак, Вольга Іпатава і Аляксей Дудараў, Уладзімір Някляеў і Уладзімір Ягоўдзік — для Арлова радасць».

Паводле іроніі лёсу, інтэрв’ю я чытаў за сталом, дзе ляжалі новыя старонкі ўжо згаданай маёй кніжкі «Адкуль наш род». На гэтых старонках апавядалася якраз пра Васіля Быкава, Янку Брыля ды іхніх маладзейшых калегаў, пра якіх я пісаў ужо ў кнізе «Імёны Свабоды». Паколькі было яшчэ далёка да поўначы, я падышоў да люстэрка. На мяне глядзеў чалавек, які ніколі не друкаваў у «Нашай Ніве» ні радасных, ні сумных водгукаў на чые‑небудзь дзённікі. У голаў палез Борхес — Тлён, Укбар, Orbis Tertius…

Заставалася загадкай і тое, чаму ў інтэрв’ю не названы аўтар дзённіка — відаць па ўсім, не толькі страшэнны вораг беларускай літаратуры, але і чалавек надзвычай акрутны і помслівы, з якім Дранько‑Майсюк, так бы мовіць, абачліва вырашыў не звязвацца.

Пасля размовы з Леанідам Васільевічам праз «далькажык» удалося высветліць, што «адзін дзённік» належыць пяру Вячаслава Адамчыка — між іншым, класіка нашай літаратуры, аўтара «Чужой бацькаўшчыны» і выдатных апавяданняў. На просьбу даць дакладную спасылку на публікацыю водгуку і працытаваць мае словы, паэт з годнасцю адказаў, што падчас інтэрв’ю газеты пад рукамі не меў і цытаваў па памяці. Як казалі ў старажытнасці, quod licet Jovi…

Яшчэ праз некалькі дзён Дранько‑Майсюк усцешана паведаміў, дзе друкаваўся мой водгук, альбо, згадаўшы словы самога Леаніда Васільевіча, «успомніў тое, што было. Рэальна было».

…Каб назваць эсэ «Крыжы Монтэнэгра», прысвечанае падарожжу ў Чарнагорыю, водгукам на дзённік Вячаслава Адамчыка, трэба мець, далікатна кажучы, буйную фантазію. Але рэч нават не ў гэтым, а ў тым, што ў маім эсэ (ягоны герой па дарозе да мора сярод іншых заняткаў чытае і вышэйзгаданы дзённік) вы не знойдзеце ні цытаванага Дранько‑Майсюком і растыражаванага «Вераснем» майго «радаснага ўскліку», ні, наогул, якіх‑небудзь слоў, якія б сведчылі пра «радасць» з нагоды таго, што «апаганены лепшыя нашы літаратары», пералічаныя ў інтэрв’ю. Пераканацца ў гэтым можна даволі проста: або знайсці падшыўку «НН» сямігадовай даўніны і разгарнуць 48‑мы нумар за 2003 год, або ўзяць у рукі кнігу «Сланы Ганібала» (Мінск, 2005), дзе таксама змешчаныя «Крыжы Монтэнэгра». (Дарэчы, рызыкну выказаць крамольную думку, што Вячаслаў Адамчык пісаў свой дзённік не каб кагосьці «апаганіць», а з нейкай іншаю мэтай.)

На пытанне, ці любіць ён насіць гальштук, Леанід Васільевіч у інтэрв’ю адказаў: «…здаецца, люблю. Дубоўка, Жылка, Змітрок Бядуля, Міхась Чарот, іншыя нашы слаўныя паэты насілі гальштукі. І мне гэта заўсёды падабалася. Гальштук дысцыплінуе».

Няблага сказана. І таму раю нашаму слаўнаму паэту Дранько‑Майсюку павязаць гальштук, дысцыплінаваць сваю фантазію і адказаць на пытанне, дзеля чаго на яе крылах ён заляцеў так далёка. І ад паэзіі, і ад праўды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?