У Вілейцы 3 сакавіка памёр краязнаўца Анатоль Рогач.
Анатоль Рогач, фота Рэгіянальнай газеты.
Ён працаваў начальнікам раённых электрычных сетак. Не аднойчы выбіраўся ў раённы Савет дэпутатаў. Але дзяржслужбу заўжды сумяшчаў з беларушчынай. Ён быў лепшым знаўцам мінуўшчыны Вілейшчыны. Яго намаганнямі ў раёне паўсталі памятныя знакі вядомым землякам: Піліпу Орліку, Ігнацыю Ходзьку, Нікадзіму Сілівановічу, Адаму Гурыновічу.
Пазалетась быў адкрыты помнік паўстанцам 1863 года каля вёскі Любкі. Планаваў краязнаўца паставіць яшчэ адзін, на месцы іншага бою каліноўцаў з царскімі войскамі. Ды не паспеў.
Анатоль Рогач нарадзіўся 1 чэрвеня 1947 года ў в. Каралеўцы на Вілейшчыне. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. З 1988 года ўзначальваў РЭС. У краязнаўстве Рогач не цураўся ніякіх тэм. Для яго не існавала ідэалагічных забаронаў. Ён напісаў сотні артыкулаў. Акрамя краязнаўства ў яго было яшчэ адно захапленне — шашкі. Анатоль Рогач з’яўляўся майстрам спорту па шашках па перапісцы.





