Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб продажы пакета акцый ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» швейцарскай кампаніі Franck Muller International B.V. Указ №109 падпісаны 1 сакавіка, сёння ён апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет‑партале.

Згодна з дакументам, у дзесяцідзённы тэрмін прадугледжана бязвыплатна перадаць ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта па маёмасці 111.385.185 акцый ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» намінальным коштам 30 рублёў на агульную суму 3.341.555.550 рублёў. Цяпер акцыі прадпрыемства знаходзяцца ва ўпраўленні камунальнай уласнасці Мінска.

Да 2020 года кампаніі Franck Muller павінна быць прададзена 655.423.462 акцыі ААТ, што належаць дзяржаве, па намінальным кошце 30 рублёў за акцыю пры ўмове ўкладання кампаніяй у 2010 годзе інвестыцый. Яны будуць укладзены шляхам набыцця дадатковых 1.217.215.000 акцый.

Акрамя таго, у давернае кіраванне Franck Muller тэрмінам на пяць гадоў перадаюцца 1.122.831. 985 акцый завода, што належаць дзяржаве.

Як растлумачылі на прадпрыемстве,

на першым этапе швейцарская кампанія набывае 52% акцый, пазней — яшчэ 28%.

Інвестар мае права ажыццяўляць давернае кіраванне каштоўнымі паперамі без атрымання спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне прафесійнай і біржавjй дзейнасці па каштоўных паперах.

Акрамя таго, да 2020 года ААТ вызваляецца ад абкладання падаткам на прыбытак.

З 2011 года заводу без правядзення аўкцыёну будзе перададзены ў арэнду

зямельны ўчастак сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Шчомысліца» (Мінскі раён) агульнай плошчай 30 га

для будаўніцтва новых вытворчых магутнасцяў і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

Савету міністраў даручана ў трохмесячны тэрмін заключыць інвестыцыйны дагавор з кампаніяй Franck Muller аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта з запланаваным аб’ёмам інвестыцый.Згодна з гэтым дагаворам прадпрыемства павінна захаваць вытворчасць гадзіннікаў і гандлёвую марку «Луч».

Акрамя таго, у 2010—2019 гадах на прадпрыемстве павінна працаваць не менш як 700 чалавек.

Дагаворам вызначаны меры адказнасці швейцарскай кампаніі ў выпадку невыканання ўзятых абавязацельстваў. У гэтым выпадку кампанія павінна пералічыць у 2020 годзе ў рэспубліканскі бюджэт суму, якая складае розніцу паміж рыначным коштам акцый ААТ, набытых у дзяржавы, на дату іх набыцця і іх намінальным коштам.

Планы стварэння на базе гадзіннікавага завода беларуска‑швейцарскага СП абмяркоўваліся ў кастрычніку 2009 года падчас візіту ў Мінск гендырэктара Franck Muller Вартана Сірмакеса. На сустрэчы з прэзідэнтам Лукашэнкам ён заявіў пра намер стварыць у Беларусі «абсалютна новую», сучасную гадзіннікавую вытворчасць, арыентаваную на продаж недарагіх гадзіннікаў у СНД і на іншых рынках. Пры гэтым швейцарскі інвестар паабяцаў давесці зарплату на заводзе да ўзроўню сярэдняй па Мінску, павялічыўшы яе ўдвая.

У сваю чаргу Лукашэнка заявіў: «Прыватнік разваліў прадпрыемства далей няма куды, прыйшлося яго забіраць дзяржаве. Але мы не можам страціць гэту марку, гэта прадпрыемства, таму што яно знакавае для краіны нароўні з такімі гігантамі, як МАЗ, МТЗ, БелАЗ».

Мінскі гадзіннікавы завод быў створаны ў 1953 годзе. Выпускае гадзіннікі гандлёвай маркі «Луч». Першапачаткова магутнасці прадпрыемства былі разлічаны на вытворчасць 5 млн. адзінак прадукцыі ў год. У ліпені 2006 года ў гаспадарчы суд Мінска паступіла заява падатковай інспекцыі Першамайскага раёна сталіцы аб пачатку працэдуры банкруцтва прадпрыемства. Цяпер прадпрыемства праходзіць працэдуру санацыі.

Кампанія Franck Muller заснавана ў 1992 годзе. Займаецца вытворчасцю складаных механічных гадзіннікаў. Фірмай зроблена каля 20 сусветных вынаходак, звязаных з гадзіннікавай вытворчасцю, паведамляе афіцыйны сайт кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?