Завершана поўнае факсiмiльнае перавыданне славутай газеты «Наша Нiва»: выйшаў пяты том з нумарамi газеты за 1912—1915 i 1920 год.

«Наша Нiва» — газета-легенда. Тады, у пачатку ХХ стагоддзя гэта быў не проста сродак масавай iнфармацыi, агiтацыi i прапаганды. Гэта быў асяродак беларушчыны, калыска новай беларускай культуры, калыска нашай дзяржаўнасцi. У гэтым пагаджаюцца ўсе гiсторыкi — без «Нашай Нiвы» не было б анi БНР, анi БССР. Магло не быць i самастойнай Беларусi.

«Наша Нiва» — гэта фабрыка зорак. Купала, Колас, Багдановiч, Бядуля, Гарун, Гартны, Луцкевiчы, Гарэцкi, Уласаў, Ластоўскi... Гэтая кагорта нацыянальных класiкаў працавала i друкавалася ў адной-адзiнай газеце! Там складалася сучасная беларуская мова, нацыянальная свядомасць, беларуская думка.

І вось нарэшце ў Мiнску выйшла апошняя, пятая частка факсiмiльнага выдання «Нашай Нiвы». Справа цягнулася больш за дваццаць гадоў!.. Пра яе вынiкi мы гаворым з галоўным рэдактарам выдавецтва «Тэхналогiя» Змiтром Саньком.

Выдавец Змiцер Санько: «У Беларусi няма камплекта «Нашай Нiвы»

— Iдэя факсiмiльнага выдання «Нашай Нiвы» узнiкла пры канцы 1980-х гадоў, недзе ў 1988 годзе, — кажа Змiцер Санько. — Рэалiзацыя праекта мусiла адбыцца за 7-8 гадоў, а зацягнулася больш чым на дваццаць. З розных прычын: тэхнiчных, фiнансавых, арганiзацыйных... Але я вельмi шчаслiвы, што гэта нарэшце адбылося!..

— Усяго, я так разумею, перавыданне склала пяць частак?

— Так.

Першы выпуск змяшчае нумары газеты ад 1906 да 1908 года. Другi — гадавiк 1909 года. Трэцi — 1910. Чацверты — 1911. I ў заключнай частцы — нумары ад 1912 па 1915 гады, а таксама нумары газеты за 1920 год. Чаму быў такi перапынак? Вядома, што ў жнiўнi 1915 года газета спынiла выхад з-за падзеяў Першай сусветнай вайны. У 1920 годзе яна аднавiлася, а пасля яе забаранiла польская вайсковая цэнзура.

— Каб выдаць «Нашу Нiву» цалкам, цi давялося правесцi нейкую пошукавую працу? Альбо гэтая газета ахайна i поўна захоўваецца, скажам, у Нацыянальнай бiблiятэцы?

— Наша краiна не мае камплекту «Нашай Нiвы» — пераважная большасць нумароў ёсць, але не ўсё. Не тое што нейкая канкрэтная бiблiятэка цi кнiгазбор, а ў цэлым уся краiна не мае камплекту! Таму давялося звяртацца не толькi да прыватных калекцыянераў, але i ў бiблiятэкi за межамi Беларусi — у Вiльню i Пецярбург. Што датычыць фiзiчнага стану газеты... Думаю, кожны можа ўявiць, што робiцца з газетнай паперай за 100 гадоў... Я быў шакiраваны таксама, калi даведаўся, што

некаторыя гора-навукоўцы ездзiлi ў Вiльню i выразалі там са старой «Нашай Нiвы» артыкулы i iлюстрацыi!.. Часам было цяжка расчытаць, часам даводзiлася лiтаральна «рэканструяваць» тэксты... Нездарма працэс выдання расцягнуўся на гэтулькi гадоў... I таму iдэя перавыдання ўзнiкла найперш як iдэя ратавання «Нашай Нiвы», бо гэта — наш нацыянальны скарб!..
Славуты архiвiст, загадчык аддзела публiкацыi Нацыянальнага архiва Беларусi Вiталь Скалабан грунтоўна даследуе легендарную «Нашу Нiву». Да яго мы звярнулiся, каб распытаць пра цiкавосткi тае газеты...

— Спадар Вiталь, калi вы даведалiся пра iснаванне «Нашай Нiвы»?

— Цяжка сказаць. Але ўпершыню поўны камплект «Нашай Нiвы» ў пераплёце з залатым цiсненнем я чытаў у бiблiятэцы iмя Салтыкова-Шчадрына ў Ленiнградзе, былой Iмператарскай. Гэта быў недзе 1966—1967 год. Тут тады ў Мiнску яе можна было паглядзець у бiблiятэцы, але так... не вельмi гэта ўхвалялася.

— У савецкай Беларусi «Наша Нiва» была забароненай тэмай?

— Iшла палемiка пра «беларускiх сепаратыстаў, якiя парушаюць адзiнства вялiкага рускага народа», былi спробы рэабiлiтаваць «Нашу Нiву» ў межах камунiстычнай iдэалогii... Быў артыкул Ларчанкi, потым спробы ў 1950-я гады, потым Цiмох Гарбуноў надрукаваў артыкул у Маскве ў 1964 годзе...

— Спадар Вiталь, даробак «Нашай Нiвы» цяпер ведаюць многiя. А як усё пачыналася ў 1906 годзе?

— А пачалася свабода: хочаш газету выдаваць — выдавай! Знаходзь грошы — i выдавай!.. Да таго ж, з'явiўся дазвол на беларускай мове друкаваць. I пачалося: спачатку «Наша Доля», потым «Наша Нiва»... Мiж iншым, на выданне «Нашай Нiвы» ахвяравала грошы княгiня Магдалена Радзiвiл... Як i на «Вянок» Багдановiча, i на першую кнiгу Канстанцыi Буйло...

— Калi пераглядаю тую «Нашу Нiву», мяне не пакiдае захапленне, наколькi якасна i прафесiйна яна была зробленая з пункту гледжання журналiстыкi. Яна выглядае сучасна i праз 100 гадоў!..

— Гэта была дэмакратычная журналiстыка! Да пачатку вайны...

Пасля пачалася вайна, на Купалу завялi крымiнальную справу — што праўда, пасля яна развалiлася. Ваенная цэнзура прыбiрала з гатовае газеты радкi, абзацы i цэлыя артыкулы!.. I газета выходзiла з агромнiстымi белымi плямамi!..

— Спадар Вiталь, а як газета тады дастаўлялася да чытача? Гэта займала шмат часу?

— Пошта працавала выдатна!.. Не горш, чым сёння! Мяркую, што i спосаб быў прыкладна такi. З iншага боку,

хадзiлi байкi, што, рассылаючы газету ў канвертах, Купала ледзьве не асабiста сядзеў i клеiў маркi...

— Цi плацiлi ў той «Нашай Нiве» ганарар аўтарам?

— Бадай што, не... Аднак ёсць найцiкавейшы дакумент — бухгалтарская кнiга «Нашай Нiвы» за 1915 год. I апошнi запiс перад тым, як газета прыпынiла сваё iснаванне, быў такi: «Рэдактар I. Луцэвiч (сапраўднае iмя Янкi Купалы) выпiсаў паэту Я.Купалу ганарар столькi-та рублёў...» I гэты запiс павiнен увайсцi ў збор твораў Купалы!...

— Сто гадоў таму чытачы актыўна пiсалi ў газету?

— Прыкладна як i цяпер: беларусы пiсалi ў газету як у апошнюю iнстанцыю. Я знайшоў лiст, якi накiравалi ў «Нашу Нiву» сяляне з маёй малой радзiмы — Ляхавiцкага раёна. Яны скардзяцца на свайго пана, якi кепскi: цi то iх у лес не пускае, цi што там... Дарэчы, заўвага: адкуль людзi ўмелi пiсаць па-беларуску? Яны ж у школе не вучылiся... Школа, наадварот, пасля замiнала, бо людзей перавучвалi пiсаць па-руску... А ў газету пiсалi так, як ведалi, як размаўлялi, як падказвала памяць продкаў!..

— Як вы ацэньваеце стыль той «Нашай Нiвы» — такi сабе найграна-прымiтыўны? Пры тым, што выдаўцы былi глыбока iнтэлiгентныя людзi. А побач — навiны кшталту «iшоў мужык з карчмы — напiўся i ўтапiўся». Дзеля чаго гэта рабiлася?

— Газета была разлiчаная на самага рознага чытача. Такi «спрошчаны» стыль быў не паўсюль. Ён мог быць у навiнах, у паведамленнях. Але вазьмiце публiцыстыку — там iдуць вельмi сур'ёзныя рэчы... Сапраўды, была такая гульня: «у свiтку ўбраўся i пiшу для сялян». Вашую заўвагу даволi злосна сфармуляваў у лiсце ў рэдакцыю Фабiян Шантыр: што «Нашу Нiву» нiхто не ўспрымае, што адарвалiся ад народа, што гэта — «панская забаўка». Аднак, калi разабрацца, то лiст з'явiўся пасля таго, як газета не надрукавала нейкiя там Шантыравыя творы... Ластоўскi пахвалiў Багдановiча, а яго, Шантыра, не пахвалiў... I Шантыр пакрыўдзiўся. Усё як заўжды ў творчым асяроддзi. Асаблiва калi не друкуюць.

— Спадар Вiталь, вы рады, што скончана факсiмiльнае выданне «Нашай Нiвы»?

— Гэта падзея! Цяпер газета захаваная — i яе можа пачытаць кожны, яе можна вывучаць i даследаваць. А ўжо сёння iдзе праца па стварэннi электроннага архiва беларускай перыёдыкi. I ўзнiкаюць складаныя пытаннi: якiя будуць прыярытэты, што з газет перавесцi ў лiчбу, хто, як i за якiя грошы будзе гэта рабiць? Перыёдыка ў нас надзвычай багатая, але — дзе вы прачытаеце «Мiнскiя губернскiя ведамасцi», «Вiцебскiя...», «Магiлёўскiя...», дзе друкаваўся Раманаў?.. У нас вельмi кепска захаваныя гэтыя газеты. На добры толк, трэба ўсё гэта пераводзiць у лiчбу. Бо многае ўжо лiтаральна рассыпаецца ў руках...

— Як вы лiчыце — з'яўленне «Нашай Нiвы» ў пачатку ХХ стагоддзя было патрэбай тагачаснай iнтэлiгенцыi цi народу?

— Ведаеце, што такое каньяк? Гэта напой працоўнага класа, якi п'ецца вуснамi ягоных найлепшых прадстаўнiкоў! Тут тая самая сiтуацыя. Лепшыя прадстаўнiкi нашага народа рабiлi гэтую газету...
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?