У дзень, калі прынята віншаваць і радаваць жанчын, 8 сакавіка, з заявай у міліцыю звярнуліся двое хлопцаў, жыхароў вёскі Вялікая Сліва Слуцкага раёна. Маладыя людзі, спалоханыя і ўскудлачаныя, наперабой пачалі расказваць пра жахлівае беззаконне, якое ўчынілі над імі іх аднавяскоўцы – аднаму 35, другому 25 гадоў. Іх схапілі на вуліцы, сталі чагосьці патрабаваць, а потым прывязалі да ног металічны трос, прычапілі яго да «Мерсэдэсу» і працягнулі па вёсцы.

Следча-аператыўная група, што выехала на месца здарэння, аповед пацярпелых пацвердзіла. Злачынцаў затрымалі, дапыталі і адпусцілі да пары да часу. З месца злачынства эксперты канфіскавалі ўзоры слядоў абутку, шын і рваную вопратку. У лік рэчавых доказаў трапілі машына і злашчасны трос, на якім адзін з пацярпелых «праехаў» два метры, а другі, як было ўстаноўлена, – цэлых 210.

Распачатая крымінальная справа па арт. 339 ч. 2 КК РБ «Хуліганства». Максімальная пакаранне паводле яго – пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.

Дык што ж стала нагодай для такіх вясковых «катанняў»? Расказвае ўчастковы інспектар Слуцкага РАУС Васіль Шкурскі.

– Цвярозыя яны былі і на галаву не скардзяцца. Перадгісторыя такая. У двух жыхароў Вялікай Слівы (афіцыйна яны нідзе не працуюць) зніклі прылады для абіўкі мэблі. Каб знайсці злодзея, яны вырашылі правесці ўласнае расследаванне. Самі пазней растлумачылі: маўляў, спачатку акрэслілі кола падазраваных, з некаторымі паразмаўлялі і ў выніку выйшлі на магчымых злачынцаў.

У міліцыю звяртацца не сталі, зладзілі допыт, а калі нічога не дамагліся, прымусілі пацярпелых накінуць трос на ногі, завялі машыну. Адзін маліў, станавіўся на калені: «Хлопцы, я ні ў чым не вінаваты, не браў!» На яго рукой махнулі. А вось другога працягнулі па вуліцы пару сотняў метраў.
У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не маюць наступстваў для здароўя. Самасуд атрымліваецца, за гэта ім і адказваць перад законам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?