Целы загінулых у Мурманскай вобласці беларускіх турыстаў будуць дастаўлены на радзіму спецвагонам, які, як плануецца, адправіцца з Мурманска вечарам 13 сакавіка.

Пра гэта паведамілі ў прэс‑службе ўпраўлення МНС па Мурманскай вобласці.

Надзвычайнае здарэнне адбылося 8 сакавіка ў Лавазёрскім раёне, на перавале Таваёк на адлегласці 26 км ад пасёлка Рэўда.

Снежная лавіна накрыла шэсць беларускіх турыстаў.

Двум з іх, Аляксандру Юрагу і Дзмітрыю Фаміну, удалося выратавацца. Увечары 9 сакавіка яны дабраліся да людзей і паведамілі пра здарэнне.

Чатыры турысты — Міхаіл Карпеш (1981 год нараджэння), Яўген Траскевіч (1986), Дар’я Трацінская (1983) і Аляксандра Коўган (1987) — загінулі.

Усе яны з Брэста. Перад паходам у Мурманскую вобласць група прайшла неабходную рэгістрацыю ў маршрутна‑кваліфікацыйнай камісіі ў Брэсце. Паводле слоў старшыні камісіі Уладзіміра Абрамчыка, усе ўдзельнікі групы мелі вопыт лыжных і горных паходаў, у прыватнасці, у Карпатах, на Каўказе, Кольскім паўвостраве. Цяперашняму паходу была прысвоена трэцяя катэгорыя складанасці.

Паводле інфармацыі МНС, целы загінулых былі дастаўлены ў морг Мурманска мінулай ноччу. Тут будзе праведзена судова‑медыцынская экспертыза. Сёння чакаецца прыбыццё сваякоў у Мурманск самалётам з Санкт‑Пецярбурга. У аэрапорце іх будуць сустракаць псіхолагі. Сваякі возьмуць удзел у апазнанні цел і затым адправяцца на радзіму таксама ў спецвагоне.

БелаПАН

Глядзі таксама пра трагедыю
КП в Беларуси: Лавіна пахавала пад сабой дзве закаханыя пары

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0