У Мінску неўзабаве зноў будзе ўведзена плата за паркоўку на стаянках горада. Пра гэта паведаміў дырэктар УП «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Аляксандр Канаш.

«З 1 студзеня гэтага года ў Мінску быў адменены мясцовы збор за паркоўку на стаянках горада, — нагадаў суразмоўца. — Але 9 сакавіка выйшаў указ №143, які замест мясцовага збору увёў плату за стаянку на паркоўцы. Яе памер вызначаецца рашэннем Мінгарвыканкама.

Зараз гэты дакумент знаходзіцца на зацвярджэнні».

Пры гэтым Аляксандр Канаш падкрэсліў, што тарыфы будуць не вышэй за ранейшыя. Прапрацоўваецца магчымасць нават змяншэння памеру аплаты.

У перспектыве ў Мінску аўтаўладальнікі змогуць скарыстацца сістэмай безнаяўных плацяжоў. Як распавёў кіраўнік прадпрыемства, ужо распрацоўваюцца спосабы аплаты за паркоўку праз мабільны тэлефон, банкамат, электронныя карткі.

У сталіцы ў камунальнай уласнасці знаходзяцца 82 аўтастаянкі на 26 тыс. машынамесцаў.

Як паведамлялася раней, у Мінску з 1 студзеня 2010 года адменены мясцовы збор з карыстальнікаў за паркоўку транспартных сродкаў у спецыяльна адведзеных месцах. Такое рашэнне было прынята на сесіі Мінгарсавета ў выкананне бюджэту Беларусі на 2010 год. Выключэнне склалі ведамасныя стаянкі, на якіх спаганяецца не збор, а плата за захоўванне машыны. Напрыклад, на ГЦ «Ждановічы» ці іншых буйных гандлёвых аб’ектах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?