Прадпрымальнікі гандлёвых радоў «Чарнігаўскія» ў Гомелі правялі 15 сакавіка стыхійны мітынг у сувязі з прыпыненнем працы рынку.

На радах працуюць прыкладна 40 прадпрымальнікаў. Паводле іх слоў, 15 сакавіка яны прыйшлі на рынак і ўбачылі, што вароты на тэрыторыю зачынены на замок. Гандляры не змаглі сёння працаваць, нягледзячы на тое што заплацілі арэндную плату, падаткі, закупілі для рэалізацыі прадукты, многія з якіх хутка псуюцца.

Праца на рынку была прыпынена пастановай галоўнага санітарнага доктара Гомеля Расціслава Зіновіча, бо прадпісанне дзяржсаннагляду ад 24 красавіка 2008 года па паляпшэнні санітарна‑тэхнічнага стану гандлёвых радоў не было выканана, рэканструкцыя не праводзіцца. На падставе гэтага санстанцыя пастанавіла прыпыніць з 15 сакавіка эксплуатацыю гандлёвых радоў «Чарнігаўскія» да ўстаранення парушэнняў. Адказнасць за выкананне пастановы ўскладзена на ўласніка рынку — камунальнае жыллёвае рамонтна‑эксплуатацыйнае унітарнае прадпрыемства (КЖРЭУП) «Навабеліцкае».

11 сакавіка прадпрымальнікі былі праінфармаваны пра скасаванне дагавора аб выдзяленні гандлёвых месцаў на рынку з 15 сакавіка ў сувязі з прыпыненнем працы гандлёвых радоў.

Прадпрымальнікі лічаць, што выканаць прадпісанне санстанцыі павінен быў уласнік рынку.

У сувязі з гэтым яны падрыхтавалі адозву да гарадскіх улад і сабралі больш за 700 подпісаў жыхароў мікрараёна Навабеліцкі з просьбай не закрываць рынак.

Прадпрымальніца Ганна Крычаўцова заявіла, што гандляры лічаць пастанову санстанцыі справядлівай, але вінаватым у невыкананні прадпісання называюць уласніка рынку. «Мы згодны фінансаваць рэканструкцыю, але ў разумных межах і па празрыстых схемах. Мы хочам працаваць, ведаючы, за што мы плацім свае грошы», — сказала яна.

Як паведаміў намеснік дырэктара КЖРЭУП «Навабеліцкае» Юрый Пашкоў, прадпрымальнікі былі папярэджаны 1 студзеня, што ў любы момант дагаворы аб выдзяленні гандлёвых месцаў на рынку могуць быць скасаваны, калі санстанцыя выдасць такую пастанову. «10 сакавіка санстанцыя выдала пастанову, і пра гэта адразу праінфармавалі прадпрымальнікаў. Рэканструкцыя рынку праходзіць цяжка — з‑за недастатковага фінансавання тымі ж прадпрымальнікамі. Гэтыя ўсе праблемы мы будзем вырашаць, будзем імкнуцца зрабіць так, каб усе бакі засталіся задаволеныя», — паабяцаў Пашкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?