У дачыненні да гомельскага каардынатара па стварэнні партыі »Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгена Якавенкі распачата справа за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу (арт. 435 КК).

Як паведаміў Якавенка, 19 сакавіка яго выклікалі па позве ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля і паведамілі аб распачынанні справы.

Якавенка прыцягваўся судом Савецкага раёна да адміністрацыйнай адказнасці за няяўку ў ваенкамат па позве — 11 лютага ён быў аштрафаваны на 5 базавых велічынь. Але 13 сакавіка Гомельскі абласны суд адмяніў гэтае рашэнне райсуда. Актывіст патрабуе зносінаў з ім і дзелавой перапіскі на беларускай мове, а таксама рэалізацыі яго канстытуцыйнага права на альтэрнатыўную службу. На судзе ён патлумачыў, што патрабаваў позваў на беларускай мове, але нават на рускай мове ён позваў не атрымліваў. На разглядзе касацыйнай скаргі Якавенка патлумачыў, што ў адпаведнасці з законам аб мовах, ён як грамадзянін не абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, а вось дзяржслужачыя — абавязаныя.

«Тым не менш, фактычна мяне, простага грамадзяніна, абвінавачваюць у тым, што я не валодаю рускай мовай. І ў той жа час ніхто не прыцягвае да адказнасці суддзю Савецкага суда, якая адмовілася весці працэс на беларускай мове і запрасіла для гэтага перакладчыка. Хаця яна абавязаная ведаць дзве дзяржаўныя мовы», — падкрэсліў Якавенка.

Паводле яго слоў, абласны суд звярнуў увагу, што прызыўніка судзілі па адміністрацыйным артыкуле »няяўка па позве», хаця позвы як такой не было. Адміністрацыйная справа накіраваная на новы разгляд у суд Савецкага раёна, але ў іншым складзе суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?