Нарэшце і газета «СБ. Беларусь сегодня» напісала пра магчымае вяртанне некаторым вуліцам і мясцінам у Мінску ранейшых назваў, а таксама назвы станцыі метро «Плошча Незалежнасці».

Праўда, адрозна ад беларускіх інтэрнет‑сайтаў, СБ згадвае апошнюю акалічнасць як бы мімаходзь, у самым канцы нататкі на гэтую тэму: «А яшчэ прадстаўнікі камісіі хацелі б вырашыць даўнюю праблему з назвай станцыі метро «Плошча Леніна». Яна павінна адпавядаць назве размешчанай над «падземкай» плошчы». Тут згадваецца тапанімічная камісія. Між іншым, не ўсе заўважылі, што яе прапанова адносна станцыі метро павінна яшчэ два тыдні абмяркоўвацца ў прэсе. Пасля чаго Мінгарвыканкам прыме рашэнне і вынесе яго на разгляд сесіі гарсавета.

Так што пакуль яшчэ рана радавацца.

Штосьці мне падказвае, што камуністы і ветэраны яшчэ скажуць сваё слова ў абарону правадыра.

Ды і як жа можа быць інакш у 140‑ю гадавіну з дня нараджэння Леніна?

Зразумела, сорак гадоў таму ўсё было зусім інакш. Тады не магло быць падобнай дыскусіі, як не было плошчы Незалежнасці, ды і самога метро ў Мінску. Усе газеты пісалі пра юбілей правадыра Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі і дасягненні краіны Саветаў пад кіраўніцтвам бальшавікоў‑ленінцаў. (Ад Ільіча да Ільіча) Праўда, менавіта тады, у стогадовы юбілей, з’явілася маса жартаў: пра ложак на дваіх «Ленін заўжды з намі»; пра парфуму «Пах Леніна»; пра гадзіннік, з якога замест зязюлі кожную гадзіну выскоквае Ленін з воклічам:«Ку‑ку!»; пра прысвойванне ордэну Леніна імя ордэна Леніна…

Але сёння старая палітычная мода на правадыроў, выглядае, вяртаецца.

І чамусці, у асноўным, праз «падземку». Улады Масквы, напрыклад, летась вярнулі пры рэстаўрацыі станцыі метро «Курская» надпіс:

    «Сквозь грозы сияло нам солнце свободы,
    И Ленин великий нам путь озарил
    Нас вырастил Сталин на верность народу,
    На труд и на подвиги нас вдохновил».

Сёлета, пасля рэстаўрацыі іншай станцыі — «Плошча Рэвалюцыі», у яе вестыбюлі можна будзе бачыць адноўленыя радкі савецкага гімна:

    «Союз нерушимый республик свободных
    Сплотила навеки Великая Русь.
    Да здравствует созданный волей народов
    Единый, могучий Советский Союз!
    Славься, Отечество наше свободное,
    Дружбы народов надежный оплот!
    Знамя советское, знамя народное
    Пусть от победы к победе ведет».

(Цікава, што апошнія радкі ў 1977, пасля прыняцця брэжнеўскай канстытуцыі, былі папраўлены на: «Партия Ленина — сила народная / Нас к торжеству коммунизма ведет». Але рэстаўратары вырашылі аднавіць пачатковы варыянт тэкста Міхалкова — Эль Рэгістана).

У 1970 годзе здарылася яшчэ адна важная, але вельмі непрыемная для ўладаў СССР падзея: аўтару «Архіпелага ГУЛАГ» Аляксандру Салжаніцыну была прысуджана Нобелеўская прэмія па літаратуры. Гэта падштурхнула палітбюро ЦК КПСС да рашэння аб высылцы дысідэнта і пазбаўлення яго грамадзянства СССР.

Мала хто пісаў пра Леніна гэтак з’едзліва і знішчальна, як Салжаніцын.

Але тут я згадаў яго яшчэ вось чаму. Патрапілася на вочы публікацыя ў іспанскай газеце El Pais пад назвай «Вяртайся ў ГУЛАГ, таварыш Салжаніцын!» Газета згадвае гісторыю, якая здарылася з пісьменнікам у Іспаніі, якую ён наведаў, будучы эмігрантам. Салжаніцын, які шмат гадоў правёў у лагерах, выказаў здзіўленне з таго, што пры дыктатуры Франка ў Іспанію могуць свабодна прыязджаць замежнікі і што іспанцы могуць чытаць замежную прэсу. Левыя ўбачылі ў гэтым контррэвалюцыйную правакацыю. Пісьменнік Хуан Бенет публічна заявіў: «Я перакананы, што пакуль ёсць такія людзі, як Аляксандр Салжаніцын, канцлагеры будуць існаваць і павінны існаваць. Праўда, іх трэба лепш ахоўваць, каб такія людзі, як Салжаніцын, не маглі іх пакінуць» .

Карэспандэнт газеты Рамон Муньёс піша ў гэтай сувязі: «Левыя ніколі не хацелі выймаць шкелеты з шафаў, а калі ўсё ж рабілі гэта, дык вельмі неахвотна, заяўляючы, што нельга параўноўваць левыя і правыя дыктатуры, бо першыя здзяйсняюць свае злачынствы, кіруючыся гуманнымі прынцыпамі роўнасці і салідарнасці, а другія грунтуюцца на эгаізме і зле». Журналіст нагадвае, што Сталін і пасля смерці доўгі час заставаўся іконай для іспанскіх левых. На яго думку, ім яшчэ трэба прааналізаваць ролю камуністкі Даларэс Ібаруры (яе звалі Пасіянарыяй), якая была агентам НКВД. Ахвярамі жорсткай чысткі, якую яна арганізавала ў 30‑я гады, сталі паплечнікі ў барацьбе з фашыстамі падчас Грамадзянскай вайны — анархісты, сацыялісты, сябры Рабочай партыі марксісцкага адзінства (POUM). Мала хто згадвае і лёс тысяч іспанскіх рэспубліканцаў, а таксама іх савецкіх баявых таварышаў, якія скончылі сваё жыццё ў савецкім ГУЛАГу.

Відавочна, за апошнія сорак гадоў левыя, найперш — камуністы ніколькі не змяніліся.

І не толькі ў Іспаніі. Камуністы па‑ранейшаму апраўдваюць Сталіна і Леніна высокімі гуманнымі прынцыпамі, дзеля якіх, нібыта, яны знішчылі мільёны людзей.

Што тычыцца «шкілетаў у шафе», мне гэтае параўнанне нагадала рэальную карціну, якую давялося назіраць на пачатку 80‑х гадоў у Мінску. У сутарэнні дома, дзе мы жылі, была майстэрня, дзе выраблялі элементы «манументальнай прапаганды». У нас пад вокнамі падоўгу ляжалі нейкія выродлівыя каркасы рознага памеру, з металічнага дроту. Помню, адзін з такіх каркасаў нечакана ператварыўся ў выяву галавы Леніна. Неўзабаве я пабачыў яе, аформленую пад бронзу, у вестыбюлі станцыі метро з аднайменнай назвай». Куды пазней знікла тая галава правадыра — не ведаю. Але ўсім падобным творам (і скульптурным, і ў выглядзе надпісаў ) месца, лічу, у музеях, а не на плошчах і вуліцах.

Але за гэта яшчэ давядзецца пазмагацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?