Рашэнне Аб’яднанай грамадзянскай партыі выйсці з кампаніі мясцовых выбараў улада пракаментавала прадказальна: «Кепска ваююць».

«Цярпець паразу ў адкрытым баі яны не хочуць. Яны вырашылі лепш падняць рукі і здацца, а потым гаварыць, што добра ваявалі. Кепска ваююць», — прыпячатаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Русы.

Будзьце ўпэўнены, тэму яшчэ адпрацуе па поўнай праграме афіцыйная прапаганда.

Зрэшты, гэта не здзівіць Анатоля Лябедзьку, старшыню АГП, чарговы раз пераабранага на з’ездзе ў мінулую нядзелю. З ім мы гутарылі аб магчымым дэмаршы яшчэ некалькі дзён таму, і лідэр лібералаў выказаўся ў тым сэнсе, што прапагандзе ўсё роўна язык не завяжаш. Але трэба, лічыць ён, ісці на прынцып дзеля прэзідэнцкіх выбараў.

Аргументацыя, калі гранічна спрашчаць, такая:

мы бразнем дзвярыма, Еўропа прысарамаціць беларускае кіраўніцтва — і яно змякчыць правілы гульні падчас наступнай электаральнай кампаніі.

У тытульнай апазіцыі сапраўды дастаткова аргументаў, каб сказаць ужо сёння: тэст на справядлівасць мясцовых выбараў вертыкаль праваліла. Так, ва ўчастковыя камісіі ўключылі амаль усіх вылучаных прадстаўнікоў праўладных партый, а вось апазіцыйных вылучэнцаў прарэдзілі, лічы, у дзесяць разоў. У выніку апошнія складаюць у выбаркамах ніжняга звяна смехатворную долю ў 0,15%.

Так што калі выкарыстоўваць дэпутацкую метафару наконт бою, можна сказаць, што батальён апанентаў улады, якія ўзняліся ў рост, спакойна выкасілі кулямётамі з дотаў. Гэтакая бюракратычная «лінія Сталіна» ва ўсёй сваёй знішчальнай красе, зусім не дэмантаваная з прыняццем паправак у Выбарчы кодэкс.

Карацей, падстава бразнуць дзвярыма ёсць.

Іншае пытанне, які будзе эфект. Хто гэтае бразганне пачуе і як адрэагуе?

«Такія дзеянні маюць сэнс, калі ёсць суб’екты, якія належным чынам іх ацэняць», — адзначае Віктар Карняенка, намеснік старшыні руху «За Свабоду», які прадстаўляе таксама Беларускі незалежніцкі блок (БНБ). У гэтым жа выпадку, на думку палітыка, ні ўлада, ні народ, ні Еўропа не адгукнуцца так, як хацелася б ініцыятарам дэмаршу.

Улада, як лёгка было спрагназаваць, лішні раз пасцябаецца: слабакі! Народ праглыне менавіта такую трактоўку з зомбаскрыні. І ўжо, ва ўсякім разе, на вуліцы пратэставаць — навошта пакрыўдзілі апазіцыю, сапсавалі выбары?! — не ламанецца. Ну, а Еўропа, адзначаючы, канечне, парушэнні па ходу, заўсёды канцэнтруе ўвагу менавіта на фазе галасавання, нагадвае Віктар Карняенка.

Адзначым, што на самім з’ездзе АГП пытанне вырашалася ў вострай дыскусіі, і прыхільнікі выхаду з кампаніі перамаглі зусім не з разгромным лікам 66:37.

Няма адзінства па гэтым пытанні і ўнутры Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Тым больш праблематычна знайсці агульную мову з БНБ. У руху «За Свабоду», Партыі БНФ, стваранай БХД ды іншых структурах кааліцыі канкурэнтаў (будзем гаварыць без дыпламатыі) дамінуе настрой ісці да канца. Якому, аднак, спадарожнічае рызыка быць абвінавачанымі ў рэнегацтве і змове з уладамі: ну‑ну, падгульваеце, падтрымліваеце фарс, чакаючы, што «выдзеляць» пару дзесяткаў мандатаў!

Аднак і ў тых, хто лічыць, што «футбол павінен адбыцца пры любым надвор’і», — свае важкія аргументы.

Па‑першае, кампанія — гэта легальная пляцоўка для агітацыі.

Вось чаму сойм Партыі БНФ 20 сакавіка, не маючы ілюзій наконт ступені дэмакратычнасці гэтых выбараў, усё ж заклікаў сваіх людзей не здымацца.

Па‑другое, толькі барацьба да фінальнага свістка дае магчымасць злавіць вертыкаль на фальсіфікацыях, якія не сходзяць у людзей з языкоў, але вельмі ўжо няўлоўныя. А калі ў акрузе балатуецца толькі праўладны кандыдат — навошта падтасоўваць? Няхай хоць уся Еўропа прыязджае ды любуецца на трыумф чыстых да стэрыльнасці беларускіх выбараў.

Адзначым: удзельнікі з’езда АГП прынялі, у прынцыпе, кампраміснае рашэнне: хто хоча, няхай ідзе далей, але ўжо ў парадку асабістай ініцыятывы. Анатоль Лябедзька так і сказаў: ніхто не забараняе сябрам партыі балатавацца ў мясцовыя саветы як прыватным асобам.

Зрабілі, здаецца, прыгожа, як сапраўдныя лібералы. Толькі вось

у вачах электарату, не дасведчанага ў тонкасцях хітрамудрых манеўраў на полі тытульнай апазіцыі, сітуацыя выглядае інакш: ды яны ж нават між сабой дамовіцца не могуць! Зноў: хто ў лес, а хто па дровы.

Дэмарш меў бы шансы на жаданы эфект толькі ў выпадку поўнай кансалідацыі апазіцыйных сіл. Вось тады б і Еўропа вымушана была сказаць тутэйшаму начальству: соры, але гэта ўжо сапраўды абы што, а не выбары! «Нізачот».

Ну, а так эфект змазваецца.

Самае ж сумнае, што раз’яднанасць апазіцыі апрыёры аслабляе яе шансы на прэзідэнцкіх выбарах.

Да слова, наіўна думаць, што на іх улады змякчаць умовы, каб Еўропе спадабалася. Гэта на мясцовых або нават парламенцкіх выбарах яшчэ можна пагуляць, а прэзідэнцкае крэсла — самі разумееце, гэта святое. Тут ужо ўсе ўмоўнасці да д’ябла!

Акрамя таго, ужо цяпер відавочна, што адзінага кандыдата ў апазіцыі не атрымаецца.

«Прэзідэнцкая кампанія будзе нагадваць папярэднюю», — прагназуе палітолаг Валер Карбалевіч. Тады, нагадаем, галасы апазіцыйнага электарату расцягнулі два Аляксандры — Мілінкевіч і Казулін.

На думку эксперта, улады «пастараюцца стварыць ілюзію дэмакратычнасці і таму зарэгіструюць як мага больш ініцыятыўных груп».

«Вялікая колькасць апазіцыйных прэтэндэнтаў размазвае ідэю альтэрнатывы», — гаворыць Карбалевіч.

Іншая рэч, што сабраць сто тысяч подпісаў за вылучэнне (а рэальна трэба болей, з запасам) — задача няпростая. Некаторыя палітолагі мяркуюць, што зарэгістравацца пашэнціць толькі аднаму з сапернікаў Лукашэнкі. Але пры гэтым апазіцыйны кандыдат — вось у чым загваздка! — не будзе «адзіным».

І калі шчасліўчыкам стане, напрыклад, Аляксандр Мілінкевіч, то наіўна чакаць, што за поспех яго кампаніі будуць касцямі класціся людзі з АДС.

Роўна як і наадварот: калі зарэгіструюць толькі Сяргея Калякіна або Анатоля Лябедзьку ад АДС, то БНБ найхутчэй што пажадае ўдачы выключна вербальна.

Найбольш жа зручны для ўлады варыянт — зарэгістраваць двух‑трох апазіцыянераў (вертыкаль, можа, падключыць да збору подпісаў?). І без напружання зрабіць рэмэйк выбараў‑2006.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?