Залішняе спажыванне высокакаларыйнай ежы выклікае ў мазгавой сістэме змены, характэрныя для наркатычнай залежнасці. Да такіх высноваў прыйшлі супрацоўнікі Даследчага інстытута Скрыпса (ЗША) у выніку працяглага вывучэння паводзінаў пацукоў, што пакутавалі на абжорства.

У ходзе эксперыменту, які доўжыўся больш за тры гады, навукоўцы забяспечылі паддоследным жывёлам неабмежаваны доступ да высокакаларыйнай ежы, прывабнай як для людзей, так і для грызуноў, — бекона, каўбасы, кандытарскіх вырабаў і г.д. Як і чакалася, пацукі, якія атрымлівалі такую ежу, елі больш і набіралі вагу значна хутчэй, чым іх браты з кантрольнай групы, якая сілкавалася звычайным кормам.

Пры гэтым змены, што назіраліся ў паводзінах грызуноў, былі падобныя да рэакцый, характэрных для наркатычнай залежнасці. Страціўшы доступ да ўлюбёных прадуктаў, пацукі адмаўляліся ад звычайнага корму, прычым такая «галадоўка» магла працягвацца да двух тыдняў. У ходзе іншага эксперыменту імкненне пацукоў да высокакаларыйнай ежы заставалася нават тады, калі яе атрыманне суправаджалася балючымі ўдарамі токам.

Даследуючы мозг паддоследных жывёл, навукоўцы выявілі ў пацукоў, што прыахвоціліся да каларыйнай ежы, прыкметнае скарачэнне колькасці дапамінавых рэцэптараў D2 у структурах сістэмы ўзнагароды мозгу. Зніжэнне колькасці гэтых рэцэптараў назіраецца пры працяглым ужыванні наркотыкаў, у прыватнасці какаіну. Навукоўцы атрымалі дадатковае пацверджанне сувязі гэтага працэсу з развіццём залежнасці і кампульсіўных паводзінаў, штучна скараціўшы колькасць рэцэптараў D2 у мозгу пацукоў. Непераадольная цяга да высокакаларыйнай ежы у гэтых жывёл развівалася значна хутчэй, чым у звычайных грызуноў.

Па словах вядучага аўтара даследавання Пола Кені, атрыманыя дадзеныя сведчаць аб тым, што залішняе спажыванне высокакаларыйнай ежы і непераадольнае імкненне атрымліваць ад ежы задавальненне абумоўленыя тымі ж біяхімічнымі механізмамі, што і наркатычная залежнасць. Справаздача даследавання апублікаваная ў часопісе Nature Neuroscience.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?