Крыніцай успышкі вострай кішачнай інфекцыі ў дзіцячым садку № 29 Пінска стала кухар.
«У ходзе эпідэміялагічнага расследавання і праведзеных супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў устаноўлена, што крыніцай інфекцыі з’явілася кухар — востры бактэрыяносьбіт сальманелы. Шлях перадачы інфекцыі — харчовы», паведамляецца на сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя,
у 59 хворых лабараторна пацверджаны дыягназ «сальманелёз».
Успышка вострых кішачных інфекцый у дзіцячым садку №29 Пінска адбылася з 20 па 23 сакавіка. Усяго зарэгістраваны 103 выпадкі (99 у дзяцей і чатыры ў дарослых) захворвання лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці.
Як паведаміў галоўны доктар Пінскай цэнтральнай паліклінікі Сяргей Конюх, усяго былі шпіталізаваны 94 чалавекі. На раніцу 30 сакавіка ў стацыянарных лячэбных установах заставалася 18 чалавек. Плануецца, што яны будуць выпісаны ў найбліжэйшыя дні.
21 сакавіка пракуратурай Пінска распачата справа па ч. 1 арт. 336 Крымінальнага кодэкса (парушэнне санітарна‑эпідэміялагічных правілаў).