Да 100‑годдзя з дня народзінаў вядомага навукоўцы і дзеяча беларускай дыяспары Барыса Кіта канал «Лад» плануе паказаць тэлефільм «Зорнае прыцягненне».

Старшыня аргкамітэта па святкаванні 100‑гадовага юбілею Барыса Кіта пісьменнік Васіль Якавенка прапанаваў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі да гэтай даты ўключыць у праграму беларускіх тэлеканалаў фільм «Зорнае прыцягненне». На свой ліст Якавенка атрымаў адказ, у якім паведамляецца, што

7 красавіка фільм мяркуецца паказаць на тэлеканале «Лад».

«Зорнае прыцягненне» (рэжысёр — Мікалай Князеў, аўтар сцэнарыя — Уладзімір Мехаў, аператар — Вадзім Купрыянаў) складаецца з чатырох навел пра «касмічных» людзей. Першая частка знаёміць гледачоў з гісторыяй жыцця ўраджэнца Магілёва, вядомага матэматыка і астранома Ота Шміта, які распрацаваў гіпотэзу аб стварэнні Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі калясонечнага газапылавога воблака. Другая частка распавядае пра ўраджэнца Глыбокага (Віцебская вобласць) — авіяканструктара, стваральніка самалётаў серыі Су Паўла Сухога, трэцяя — пра ўраджэнца Слуцка (Мінская вобласць), канструктара авіяцыйных і ракетных рухавікоў Сямёна Козберга.

Чацвёртая навела, прысвечаная Барысу Кіту, здымалася ў Франкфурце‑на‑Майне (Германія), калі герою стужкі было 97 гадоў.

Нагадаем, 100‑гадовы юбілей Барыса Кіта адзначаецца 6 красавіка. У гэты дзень у мінскім Палацы мастацтва МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» запланавала святочную вечарыну (пачатак у 17.00), падчас якой будзе дзейнічаць выстава кніг і дакументаў, прысвечаных славутаму дзеячу беларускага нацыянальнага адраджэння. На мерапрыемства будуць запрошаны прадстаўнікі айчыннай навукі і культуры, беларускіх уладаў, дыпламаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?